Людміла Кажанеўская сканструявала мабільную даільную ўсталёўку

26 октября 2019
Каб трымаць падсобную гаспадарку, жыхарцы Гродзенскага раёна прыйшлося сканструяваць мабільную даільную ўсталёўку. На незвычайным транспартным сродку, зробленым з легкавога аўтамабіля і матаблока, жанчына ездзіць за два кіламетры на пашу да сваіх кароў. Гаспадыня і рада была б скараціць маршрут, аднак у наваколлі роднай вёскі для выпасу жывёлы няма зямлі. З канструктарам-самавучкай сустрэўся Юрый Карняловіч.

Некалькі гадоў таму Людміла Кажанеўская і ўявіць не магла, што будзе кіраваць такой незвычайнай сельскагаспадарчай тэхнікай. А сёння самаходны даільны апарат - незаменны памочнік у гаспадарцы.

Прафесію аўтамабільнага канструктара Людміла з мужам асвойвалі разам. Такі агрэгат - адзіная магчымасць справіцца з вялікай гаспадаркай. Сям’я трымае больш за дзясятак кароў, а ад хаты да пашы каля двух кіламетраў. Купілі невялікую даёнку, генератар і замацавалі іх у багажніку старога аўтамабіля. У якасці рухавіка выкарысталі невялікі матаблок.

Мабільная даёнка на колах ужо стала мясцовай славутасцю. Паглядзець на цуд інжынернай думкі прыязджаюць нават з суседніх вёсак.

Рухацца на такім апараце не зусім камфортна, аднак дастаткова практычна. У багажніку ёсць усё неабходнае: даільны апарат і генератар. А ад дажджлівага надвор’я - імправізаваны дах.

Дарога да пашы займае не больш за 15 хвілін, яшчэ гадзіна спатрэбіцца, каб падаіць усіх кароў. Рагатыя, дарэчы, добра ведаюць, калі прыедзе гаспадыня, і самі падыходзяць да апарата.

Сёння самаробны агрэгат проста незаменны ў гаспадарцы. Магчымасці пасвіць кароў каля хаты ў Людмілы Кажанеўскай няма. Навокал землі мясцовай гаспадаркі. З просьбай выдзеліць месца для выпасу жывёл жанчына звярнулася ў сельсавет. Найлепшы варыянт знайшоўся непадалёк. 

Людміла Кажанеўская прызнаецца, што заўсёды марыла працаваць на зямлі. Для гэтага яшчэ ў 2011 годзе нават пераехала жыць на сваю малую радзіму ў бацькоўскую хату. 

Планы ў сям’і Кажанеўскіх грандыёзныя. Мараць аб уласнай ферме, дзе можна было б паставіць не адзін дзясятак кароў. А яшчэ пабудаваць сыраварню і наладзіць вытворчасць экалагічна чыстых малочных прадуктаў. Усё неабходнае абсталяванне гатовы зрабіць сваімі рукамі. Вопыт канструявання, гавораць, ужо ёсць.