Людзі сваёй справы. Наталля Канапля ў цэнтры дзіцячай анкалогіі ўжо 30 гадоў

24 января 2019

Тысячы маленькіх пацыентаў, разам з якімі пераадолены цяжкі дыягназ. Наталля Канапля ў цэнтры дзіцячай анкалогіі ўжо 30 гадоў. Працаваць прыйшла ў навукова-даследчы цэнтр. Затым стала анколагам - якраз у Беларусі адкрылі першае аддзяленне дзіцячай анкалогіі. Акрамя лячэбнай практыкі Наталля сумяшчае пасаду намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай анкалогіі. А таксама працуе над навуковымі распрацоўкамі.

Расказвае Наталля Кезік.
Але ацаніць і палюбіць сваю прафесію Наталля Канапля змагла не адразу. Значнасць дапамогі хворым людзям зразумела, калі прыйшла на працу ў першае ў нашай краіне аддзяленне для дзяцей хворых на анкалогію. Трыццаць гадоў таму.
І да развіцця сучасных метадаў лячэння ўрач Наталля Канапля таксама мае дачыненне. У 2009 разам з калегамі распрацавалі эфектыўны метад лячэння агрэсіўных пухлін, павялічваючы дозы і інтэнсіўнасць хіміятэрапіі. З таго часу, як яго пачалі выкарыстоўваць, колькасць маленькіх пацыентаў, якія пабаролі сваю хваробу, павялічылася на чвэрць.
Даследаваць анкалагічныя захворванні дзяцей Наталля Канапля працягвае і зараз. Працуе над метадам ранняй дыягностыкі рэцыдыву.
Незалежна ад адміністрацыйных абавязкаў і навуковых даследаванняў, свой працоўны дзень урач пачынае з абходу пацыентаў. Гісторыю амаль кожнага ведае дакладна. А пасля працы больш за ўсё дзіцячы доктар любіць чытаць. Кнігі дапамагаюць знайсці адказы на адвечныя пытанні.