Аматары здаровага ладу жыцця асвойваюць сучасныя віды экатранспарту

28 сентября 2016

Электравеласіпед, гіраскутар і сігвэй - аматары здаровага ладу жыцця паступова асвойваюць сучасныя віды экатранспарту. Веласіпед з электрычным рухавіком значна палягчае падарожжа – дапамагае круціць педалі, а пры неабходнасці можа ўзяць на сябе і ўсю нагрузку. А гіраскутар едзе ад нахілу ног вадзіцеля, і поўнай батарэі хапае амаль на 30 км. Тэст-драйв экатранспарту правёў Ян Пашкевіч.

Такі мініяцюрны веласіпед-трансформер на электрацязе стаў пастаянным спадарожнікам Аляксандра Лавышкі ў кожным падарожжы. Паездкі на працу без пробак, у магазін або на адпачынак за горад - двухколы электракар замяняе аматару велазабегаў і машыну, і грамадскі транспарт.

Пад «капотам» такога веласіпеда хаваецца не менш за адну конскую сілу. Электрарухавік усталяваны ў адным з колаў – у залежнасці ад мадэлі.

З поўным зарадам батарэі такі велагаджэт праедзе 60 кіламетраў - у выпадку, калі вадзіцель будзе круціць педалі. Уласным жа ходам веласіпед пройдзе удвая менш.

Гіраскутары, монаколы і сігвэі - замест звычайных машын мінчане нярэдка выбіраюць і электрычны мінітранспарт, які рэагуе на нахіл ног вадзіцеля. Самы папулярны - гіраскутар. Двухколая дошка-самаход з зараджанай батарэяй можа з лёгкасцю даехаць ад цэнтра Мінска да Фаніпаля.

Пры неабходнасці гіраскутар можна пераўтварыць і ў невялікі карт - да дошкі прымацоўваецца сядзенне, трэцяе кола, а ролю руля выконваюць спецыяльныя рычагі. Такія мабільныя экапрылады добра ўплываюць не толькі на здароўе сваіх уладальнікаў, але і ўсяго горада.