Аматары рускай лазні сёння спаборнічалі ў Полацкім раёне

22 января 2017

Тут прайшоў лазневы чэмпіянат. Выпрабаванне парам і венікам удзельнікі праходзілі ўвесь дзень. Рэкорды ўстанаўлівалі ў асабістым і камандным заліках. Самыя адважныя не прапусцілі магчымасць акунуцца ў пельку. Наш карэспандэнт Марына Раманоўская на сабе прачула ўсе тонкасці лазневых працэдур.

Аляксандра Жыгунова на чэмпіянат прывяла не іронія лёсу, а даўняя традыцыя - хадзіць у лазню па суботах. Удзельнік гарачага спаборніцтва перакананы: руская лазня не толькі бадзёрыць, але і ўмацоўвае здароўе.

Спаборніцтва праходзіць у асабістым і камандным заліках. Адначасова ў парылцы знаходзяцца па тры ўдзельнікі. Чацвёрты - суддзя. Яго задача - фіксаваць час. Свой асабісты рэкорд тут ёсць ва ўсіх.

У парылцы - каля ста градусаў. Вытрымаць такую тэмпературу пад сілу не кожнаму. Таму абавязковая ўмова чэмпіянату - вялікі стаж парылкі. Для самых адважных спаборніцтва працягваецца на свежым паветры. Акунацца ў пельку без падрыхтоўкі спецыялісты не рэкамендуюць. Пачынаць трэба з малога.

Ля пелькі ўдзельнікаў таксама чакаюць з таймерам. Сярод самых цягавітых маржоў і Ларыса Марачкоўская. Сваё першае выпрабаванне ледзяной вадой прайшла больш як 15 гадоў таму.

Лазневы чэмпіянат у Полацкім раёне праходзіць ужо некалькі гадоў. Тут яго ўжо лічаць сваім брэндам. Нават венікі нарыхтоўваюць вялікімі партыямі. Перавагу аддаюць бярозавым.

Прайграўшых тут не бывае. А вось ахвотнікаў выпрабаваць сябе на цягавітасць у наступным турніры дадалося. Дасведчаныя парыльшчыкі раяць пачынаць падрыхтоўку ўжо зараз, каб потым пар быў сапраўды лёгкім.