Аматары аўтаэксклюзіву ўзнаўляюць унікальныя рэтрамашыны

20 марта 2016

Адзіная ў Беларусі дакладная копія БТР ручной зборкі і самы стары аўтамабіль Брэсцкай вобласці, які ўсё яшчэ на хаду. Аматары рэтра нярэдка гатовыя траціць неймаверную колькасць сродкаў і сіл, каб мара ўстала на колы.

Пры гэтым неабавязкова быць паспяховым бізнесменам. Галоўнае - жаданне, каб душа ляжала. У тым, што аматары аўтаэксклюзіву здольныя нават спыніць час, упэўнілася Вікторыя Патоня.

З першага погляду і не скажаш, што гэта - копія баявой машыны. Ідэяй узнавіць пасляваенны БТР-152 1947 года выпуску Дзмітрый Мажэйка загарэўся яшчэ ў дзяцінстве. Два гады пайшло на распрацоўку праекта і чарцяжы. 12 месяцаў - на зборку. Памеры знятыя з сапраўдных бронетранспарцёраў, якія экспануюцца на "Лініі Сталіна". З набытых дэталяў толькі шасі аўтамабіля ЗІЛ. Усё астатняе зроблена ўручную.

Эксклюзіўная версія лягчэйшая за арыгінал у два разы. На раскрой кузава сышло 3,5 тоны сталёвых лістоў. Замест бензінавага рухавіка больш эканамічны - дызельны. БТР спажывае ў тры разы менш паліва: прыкладна 20 літраў на 100 кіламетраў.

Па гарадскіх дарогах і цэнтральных магістралях на такім транспарце не паедзеш. Асноўнае прызначэнне машыны - удзел у страйкбольных гульнях і забаўках. А кіраваць ёю можа нават дзяўчына.

Рулявое кіраванне, хадавая частка і тармазная сістэма засталіся ад аўтамабіля ЗІЛ. Тэнт на даху Дзмітрый таксама сшыў уласнаручна. Зрэшты, прыйшлося аўтарам эксклюзіву пайсці яшчэ на адну хітрасць.

У тым, што ржавая старызна можа апынуцца рарытэтным аўто, упэўнены Ігар Стукалаў. У даваенны "Опель" ён закахаўся яшчэ задоўга да моманту, як стаў яго трэцім уладальнікам. У канцы 80-х запаветны трафей у вельмі дрэнным стане патрапіў у рукі Ігара. Папраўляць здароўе "дзядулі" 1934 года выпуску прыйшлося доўгіх сем гадоў. Запатрабавалася нямала сродкаў і сіл. Ігар нават напісаў ліст у канцэрн аўтавытворцы, каб максімальна дакладна ўзнавіць некаторыя дэталі.

У гэтай мініяцюрнай машыне няма круіз-кантролю, гідраўзмацняльніка руля і электронікі. Але прысутнічае асаблівая атмасфера. Свой старэнькі "Опель" Ігар лічыць сапраўднай машынай часу. Хуткасць казюлькі не перавышае 80 кіламетраў за гадзіну. І менавіта на ёй аматар гісторыі збіраецца здзейсніць вялікае падарожжа: праехаць больш як 20 000 кіламетраў ад Брэста да Уладзівастока і назад. Дарэчы, абодва - частыя госці на здымачных пляцоўках і аўтапрабегах.

Чым старэй, тым даражэй. Але бываюць і неацэнныя экземпляры. Для Аляксандра Казакова гэтая сіняя "Перамога" 1951 года выпуску на 52 конскія сілы - сямейная рэліквія. Памяць пра бацьку, ваеннага лётчыка.

І ў гэтым, паводле слоў сапраўдных знатакоў рэтра, асаблівы шык. Калі ў машыне ні адной новай дэталі, кожная шрубка захаваная ад нараджэння. Храміраваныя часткі Аляксандр пакрывае спецыяльнай ахоўнай змазкай. Бо галоўны вораг жалезных экспанатаў - час. "Перамога" - распрацоўка пасляваеннага аўтапрама. Высоўная антэна для прыёмніка паўстагоддзя таму лічылася ноу-хау. А бакавыя шыбы зусім не прадугледжваліся. Але менавіта ў гэтай савецкай машыне ўпершыню ўсталяванае абаграванне салона.

Аўтааматары прызнаюцца: ім хацелася сваімі рукамі зрабіць тое, чаго няма або зусім мала. Менавіта гэтае пачуццё часцей за ўсё і рухае народнымі канструктарамі. Героі нашага сюжэту ў свае стварэнні ўклалі столькі сродкаў, што маглі б набыць добрую сучасную машыну. Але ахвоту і імкненне ўвасобіць мару сваімі рукамі не купіш.