Лепшых хлебаробаў паўночнага рэгіёна ўшаноўвалі на абласных "Дажынках"

28 сентября 2019

Лепшых хлебаробаў паўночнага рэгіёна ўшаноўвалі ў Браславе на абласных "Дажынках". Удзельнікам і гасцям абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла прывітанне накіраваў Прэзідэнт. Сёлета аграрыі Віцебскай вобласці сабралі 980 тысяч тон збожжа. Самыя ўраджайныя палі ў Аршанскім і Віцебскім раёнах. Тысячны намалот перасягнулі больш за 300 экіпажаў. Ёсць па выніках уборачнай на поўначы краіны і 5 экіпажаў чатырохтысячнікаў. На галоўнай пляцоўцы "Дажынак" віншаванні сёння гучалі ў адрас кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, аграномаў, механізатараў, вадзіцеляў. Лепшыя адзначаны ў тым ліку і Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Беларусі.

Увесь дзень у Браславе праходзілі гулянні. А на возеры Дрывяты арганізавалі сапраўдную водную феерыю. Да свята працаўнікоў сяла райцэнтр прыкметна змяніўся. Абнавілі больш як сто аб'ектаў. Сярод самых буйных - дзіцячы сад, школа, бальніца. У наступным годзе абласныя "Дажынкі" прыме Віцебск.