Лепшыя распрацоўкі маладых навукоўцаў прадэманстравалі ў Мінску

30 октября 2017

Сёння ў Акадэміі навук адкрыўся міжнародны тэматычны форум. Дзясяткі праектаў у розных сферах - ад мастацтва да медыцыны - прэзентуюць удзельнікі з 12 краін.

Якія распрацоўкі ўжо знайшлі падтрымку, ведае Таццяна Кароль. 14 раз Мінск стаў цэнтрам магчымасцяў для маладых навукоўцаў прадэманстраваць свае распрацоўкі больш вопытным калегам. За ўсю гісторыю міжнароднага форуму "Моладзь у навуцы" - гэтая сустрэча самая маштабная. Больш за 300 дэлегатаў, 80 з іх - замежныя ўдзельнікі з 12 краін свету, сёння разам гавораць пра кааперацыю навукі.

Некаторыя беларускія распрацоўкі, якія прэзентуюць навуковай супольнасці сёння, ужо знайшлі падтрымку і прымяняюцца ў розных галінах.

Праца форуму падзелена на тры асноўныя секцыі. Першая - навука пра матэрыялы: навукоўцы падрыхтавалі прэзентацыі аб выкарыстанні бія- і нанаматэрыялаў у медыцыне і касмічнай галіне, а таксама гавораць пра развіццё генетыкі і даследаванні пухлінных хвароб. Другая секцыя прысвечана навуцы пра грамадства: тут закрануты тэмы гісторыі беларускай дыпламатыі і сацыякультурных характарыстык сучаснай моладзі. І трэцяя секцыя - навука пра жыццё - сабрала даклады аб перапрацоўцы смецця, ахове навакольнага асяроддзя і аб здаровым харчаванні.

Паводле слоў экспертаў, канферэнцыя не абмяжуецца толькі вуснымі выступленнямі. Па яе выніках самыя значныя праекты стануць рэальнасцю.

Форум прадоўжыцца да чацвярга. Акрамя фармату прэзентацый сваіх дакладаў для маладых навукоўцаў запланаваны лекцыі ад замежных запрошаных гасцей.