Лепшыя праекты маладзёжнага форуму Навука і бізнес рэалізуюць на практыцы

6 декабря 2013

Лепшыя праекты маладзёжнага форуму Навука і бізнес, які сёння завяршыўся ў Мінску, у найбліжэйшы час рэалізуюць на практыцы. На ім, акрамя беларускіх распрацовак, былі прэзентаваныя і работы маладых навукоўцаў з Расіі і Казахстана. Чатыры дні маладыя людзі прымалі ўдзел у майстар-класах, круглых сталах, а таксама лекцыях экспертаў з трох краін.


Уладзімір Казбанаў, старшыня Цэнтра маладзёжных інавацый Мінскага гарадскога тэхнапарка: Работы ацэньваліся экспертнай групай. Асноўныя крытэрыі - як аўтар бачыць рэалізацыю сваёй распрацоўкі ў рэальным сектары эканомікі, на якім этапе яна знаходзіцца, ці існуюць патэнты, ці падрыхтаваны бізнес-план. І калі ўсе гэтыя крытэрыі супадалі ў адным праекце, то, безумоўна, гэтаму праекту застаецца толькі адно: пэўная падтрымка, пэўныя льготы, дапамога ў афармленні дакументацыі.


Для садзейнічання ў рэалізацыі гэтых і не толькі гэтых праектаў сёння ж у Мінску была падпісаная рэзалюцыя аб стварэнні міжнароднага маладзёжнага аб'яднання. У Садружнасць навуковай моладзі ўвайшлі прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Казахстана, а ў перспектыве да іх далучацца і маладыя навукоўцы ўсіх краін СНД.