Сям'я Мікалая і Ірыны Бядуліных прайшла ў фінал рэспубліканскага конкурсу Сям'я года - 2014 і будзе прадстаўляць Магілёўскую воблсць. Сям'я шматдзетная, у Мікалая і Ірыны пяцёра дзяцей: дзве дачкі і тры сыны. Ірына працуе на адным з прадпрыемстваў хімічнай галіны Магілёва, Мікалай - майстар аварыйна-дыспетчарскай службы. І, тым не менш, крэатыву, вынаходлівасці і музычнасці ў гэтай сям'і хоць адбаўляй. З вялікай і дружнай сям'ёй пазнаёміўся Уладзімір Сёмкін.
Мама, тата, дзве дачкі, тры сыны і ўнук. Як прызнаецца галава сямейства, дваццаць гадоў таму ён і падумаць не мог, што ў яго будзе такая вялікая сям'я.
Гэты дом пачалі будаваць 20 гадоў таму. Усё сваімі рукамі. Бядуліны прызнаюцца: няпроста было. Затое весела. Дагэтуль яшчэ хапае недаробак. Але гэта ўжо клопат двух старэйшых братоў Юрыя і Сяргея.
Сёстры Таццяна і Насця паўтара года таму адсвяткавалі ўваходзіны. Дзяржава выдзеліла сям'і Бядуліных двухпакаёвую кватэру. Падарунак быў настолькі доўгачаканым, што дзяўчынкі пераехалі, нават не чакаючы добраўпарадкавання.
Сёлета Ірыну ўзнагародзілі ордэнам Маці. Хаця сама яна сябе маці-гераіняй не лічыць. Гаворыць: шмат дзяцей не подзвіг, а вялікае шчасце.
Выхад у фінал стаў поўнай нечаканасцю. Зараз усе разам рэпеціруюць візітоўку сям'і. Хвалююцца, вядома. І ганарацца. Гавораць: За намі ўся вобласць.














