Баявое разгортванне ў самых складаных умовах: задымленне памяшканняў, падземныя лабірынты і выпрабаванні на вадзе.
Лепшага ратавальніка краіны выбіраюць на палігоне пад Барысавам. Самыя падрыхтаваныя і вопытныя дэманструюць навыкі альпінісцкага майстэрства, тушаць умоўнае ўзгаранне і аказваюць дапамогу пацярпелым. Таксама ў праграме праверка фізічнай падрыхтоўкі і ўменне працаваць са спецабсталяваннем. Усё, каб удасканаліць навыкі і не дапускаць памылак падчас рэальных надзвычайных сітуацый.
За краш-тэстам ратавальнікаў назіраў Ілья Цвяткоў.
Паказаць свае сілы на комплекснай паласе перашкод і выбраць самага хуткага і эфектыўнага выратавальніка краіны. На выпрабавальным палігоне пад Барысавам свае пафесійныя навыкі дэманструюць вогненныя байцы абласных падраздзяленняў і сталіцы.
54 удзельнікі з усёй краіны: начальнікі пажарных часцей, прафесіяналы пажарнай справы на старце няпростай эстафеты. Спачатку - размінка. Байцы паказваюць узровень фізічнай падрыхтоўкі. У праграме практыкаванні на перакладзіне і брусах плюс крос - 3 кіламетры.
Адразу пасля спартыўнага марафону - дэманстрацыя ўменняў працы са спецыяльным абсталяваннем для выратавання. На адной лакацыі комплекс краш-тэстаў ад аварыйнага адкрыцця металічных шлюзаў, праходжання вузкага лабірынта ў задымленым памяшканні да выратавання ўмоўнага пацярпелага.
Кірыл Пінчук, начальнік дзяжурнай змены цэнтра аператыўнага ўпраўлення рэспубліканскага атрада "ЗУБР":
У асноўным тут, вядома, упор на індывідуальныя навыкі кожнага ратавальніка. Тут важна праявіць сябе, паказаць. Але ўзаемадапамога таксама ёсць, дзелімся вопытам, парадамі адзін з адным.
Яшчэ на адным пункце вогненныя байцы паказалі свае альпінісцкія навыкі. Дакладная праца з рыштункам, складанне дэталёвага плана выратавання - гэта абавязковыя элементы экстрэмальных спускаў з вышыні па тросах.
Аляксандр Гранько, начальнік дзяжурнай змены павч № 3 Кобрынскага РАНС:
Зашчапіцца правільна, адшчапіцца ад абсталявання, падцягнуць усе трасы ў тым парадку, у якім трэба. Гэта ўсё няпростая праца, памылак нельга дапускаць, таму што рызыкуеш сваім жыццём і жыццём другога чалавека.
Кожны элемент выпрабаванняў павінен быць адпрацаваны да аўтаматызму. Гэта дапаможа больш хутка і бяспечна вырашаць баявыя задачы ў рэальным жыцці.
Аляксей Іофэ, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Беларусі:
Тут не адпрацоўваюцца нейкія надуманыя сітуацыі. Гэта тыя сітуацыі, з якімі нашы ратавальнікі сутыкаюцца штодня. Гэта і выратаванне людзей у разбураных будынках, і выратаванне з дапамогай рознага абсталявання. Праца ў непрыдатным для дыхання асяроддзі.
Таксама байцам МНС прыйшлося паказаць свае сілы ў працы з пацярпелымі на вадзе. Выратаванне чалавека з воднай пасткі - спецыфічная задача, у якой без ведання правілаў бяспечнага захопу і транспарціроўкі проста не абысціся.
Такія спаборніцтвы паміж падраздзяленнямі МНС праходзяць штогод. Тут байцы дзеляцца прафесійным вопытам і ва ўмовах, максімальна блізкіх да рэальных, адточваюць свае дзеянні, каб не дапускаць памылак у час працы ў надзвычайных сітуацыях.













