Лепшага начальніка змены падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях выбралі пад Барысавам

2 августа 2018

Ад гэтых людзей залежыць праца ўсёй каманды. Пад Барысавам у міжнародным цэнтры падрыхтоўкі ратавальнікаў выбралі лепшага начальніка змены падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. У спаборніцтвах удзельнічалі спецыялісты, якія штодзень прымаюць галоўныя рашэнні на месцах здарэнняў. Наталля Кузьміцкая працягне тэму.

Тры дні і самыя складаныя выпрабаванні для без перабольшання лепшых прадстаўнікоў пажарнай службы. Афіцэраў, на якіх прынята раўнавацца як на камандзіраў узвода, што павядуць за сабой.

Падчас спаборніцтваў члены васьмі каманд павінны былі прайсці дымакамеру, прадэманстраваць навыкі выратавання людзей на вадзе і вышынным аб'екце, паўдзельнічаць у этапе па ліквідацыі тэхнагеннай катастрофы. Апошняе конкурснае заданне складанасцю і напружаннем было падобна да вядомага прыгодніцкага шоу "Форт Баярд".

Фізічная падрыхтоўка на службе ў падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях - абавязковая ўмова. Для такіх спецыялістаў галоўнае - умець захаваць халодны розум у самых гарачых абставінах, быць стрэсаўстойлівым і рашучым.

Штогод заданні конкурсу ўскладняюцца. Як і ўмовы ўзнікнення надзвычайных сітуацый, таму ратавальнікі павінны быць заўсёды на крок наперадзе.

На фінішнай прамой сапернікаў часам аддзяляюць лічаныя секунды, канкурэнцыя вялікая, некаторыя ўдзельнікі лепшымі становяцца ўжо не першы год. Сёлета самым лепшым стала сталічнае падраздзяленне МНС, на другім месцы - Брэст, на трэцім - Віцебск.