Loreen 1 чэрвеня ў Верхнім горадзе

2 мая 2019

Летні музычны сезон у гэтую суботу стартуе ў Верхнім горадзе! Першае шоу ад хіп-хоп-артыстаў з Амерыкі. Дарэчы, пляцоўка ля гарадской Ратушы сёлета прыме і 17 святаў нацыянальных культур. Адной з першых мінчан і гасцей сталіцы плануе здзівіць Швецыя - 1 чэрвеня. Сімвалічна, што  імпрэза супадае з Міжнародным днём абароны дзяцей, а значыць, нямала карыснага і цікавага ў гэты дзень шведы прапануюць і самым маленькім. Да таго ж паводле традыцыі Мінск наведае і музычная зорка Швецыі.

Крысціна Юханесан, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі:  "Зорка вячэрняга канцэрта - гэта спявачка Loreen. Тыя, хто захапляюцца "Еўрабачаннем", ведаюць, што яна там перамагла. У яе  была песня Euphoria. А перад ёй будзе і беларуская група, але мы пакуль не можам выдаваць гэтую таямніцу, але я думаю, што яна ўсім спадабаецца. А так, як звычайна - вялікая дзіцячая пляцоўка. Яна сёлета будзе інклюзіўная. Мы зробім максімальна безбар'ернае асяроддзе, каб усе змаглі прыйсці на наша свята. Будзе фудкорт".

Напярэдадні 1 чэрвеня ў Мінску будзе арганізаваны фестываль шведскага кіно, а таксама прэзентацыя кніг скандынаўскіх дзіцячых пісьменнікаў, якія пераклалі на беларускую мову.