Ліўні, навальніцы і чарговае падтапленне

2 июня 2014
Менавіта па такім сцэнарыі разгортваліся падзеі першага летняга дня ў Мінску. І гэта ўжо стала сумнай традыцыяй - цэнтр сталіцы зноў апынуўся пад вадой. З-за непагадзі грамадскі транспарт спыніў сваю працу на некалькі гадзін. А на самых небяспечных вуліцах і магістралях ДАІ і зусім перакрыла рух. Многія аўтамабілі ў літаральным сэнсе апынуліся ў вадзе. Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, навальніцы і ліўні пройдуць на большай тэрыторыі краіны і заўтра.

Наступствы непагадзі ацаніў і наш карэспандэнт Уладзімір Каралёў.

Анамальна інтэнсіўны дождж абрынуўся на ўскраіны сталіцы і затапіў Брылевічы, Малінаўку, Сухарава і Паўднёвы Захад. Пад ваду пайшоў і цэнтр Мінска. Больш за ўсіх тапіла вуліцу Нямігу і станцыю метро Пушкінская, падтопленай аказалася і вуліца Інтэрнацыянальная.

Такое бывае не часта. На нашых вачах трактар эвакуіраваў машыну інкасацыі. Зрэшты, яшчэ гадзіну таму машын тут было значна больш. Зараз пакажам, што робіцца пад зямлёй. Гэтая вада сцякае зверху па праспекце Пераможцаў.

Праезд быў закрыты на ўчастку ад стэлы Мінск - горад-герой да вуліцы Арлоўскай. Абмежавалі рух і на скрыжаванні вуліцы Казінца з кальцавой дарогай, па бульвары Шаўчэнкі, часткова была перакрытая вуліца Ясеніна. Гэтыя кадры зробленыя ў раёне парку 50-годдзя Перамогі. Тут вада фантанам вылівалася прама на праспект Пераможцаў і ў жылую зону да Камсамольскага возера. Нялёгка прыйшлося і жыхарам дома № 1 па вуліцы Голубева.

Дождж па Мінску размяркоўваўся нераўнамерна. Калі ў раёне галоўнага медыяхолдынга краіны выпала 23 мм ападкаў, гэта значыць 23 літры на квадратны метр, то ў раёне аэрапорта Мінск-1 удвая больш - 44 мм. А гэта двухтыднёвая норма для сталіцы. Зрэшты, ужо зараз сіноптыкі папярэджваюць, што заўтра моцны лівень пройдзе над Мінскам. Ці стане трэці дзень лета новым галаўным болем для спецслужбаў - галоўны сюрпрыз прыроды.

Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра: У Мінску ў аўторак чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі моцныя дажджы, град і навальніцы, пры навальніцах шквалістае ўзмацненне ветру. Пры такой сітуацыі магчымыя падтапленні асобных вуліц.

З-за дажджу быў абмежаваны рух паловы тралейбусных маршрутаў. Затрымкі склалі ад 20 хвілін да 3 гадзін. Назіраліся перабоі і ў працы кабельнага тэлебачання. Згодна з планам Пасейдон, пры моцных дажджах у падтопленыя раёны выязджае тэхніка Гаррамаўтадара для расчысткі ліўневых сцёкаў ад лістоты, галінак і смецця. Усяго такіх пунктаў каля 90 па Мінску.

Віталь Дзямбоўскі, памочнік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Беларусі: Вызначаны пералік арганізацый, якія прыцягваюцца для ліквідацыі наступстваў такога роду сітуацый. Гэта Гаррамаўтадар, Гарліўнесцёк, ДАІ і МНС.

Пасля кожнай такой паводкі мінчане здзіўляюцца, дзе ж гарадская калектарная сістэма, якая павінна спраўляцца з воднай стыхіяй. Зрэшты, з пабудовай калектара цалкам пазбегнуць затаплення не атрымаецца. Ужо зараз у Мінску 1700 км ліўневых сетак, больш за 300 з якіх магістральныя калектары дыяметрам ад аднаго да трох метраў. Пры інтэнсіўных анамальных ліўнях калектары толькі мінімізуюць паводку.

Анатоль Жамоздзік, намеснік генеральнага дырэктара ДВА Гаррамаўтадар Мінскага гарвыканкама: Калі выпадзе 100 мм ападкаў за гадзіну, то ні адзін калектар не справіцца. Нейкі час будзе падтапленне, транспарт будзе не дзве гадзіны або тры стаяць, а 20 хвілін, пакуль вада сыдзе.

У цэлым мінчанам засталося перажыць яшчэ некалькі дажджлівых дзён. Ужо ў гэтыя выхадныя сіноптыкі абяцаюць сапраўды летняе 30-градуснае надвор'е. Без дажджоў.