Ліфты новага пакалення ўсталёўваюць у дамах Мінска

28 марта 2019

У сучасных кабінах "лічбавае вока" будзе сачыць за пасажырамі і спробамі пашкодзіць абсталяванне. Уся інфармацыя анлайн трапіць у дыспетчарскі пункт. 

Такія разумныя пад'ёмнікі ўжо з'явіліся ў Заводскім раёне сталіцы. Усяго ж сёлета заменяць больш за 2 тысячы машын. У чым адрозненне новых ліфтаў ад папярэднікаў, высвятляў Ілья Цвяткоў.

У шматпавярхоўках сталіцы  ліфты новага пакалення. Работы па замене старых на сучасныя ўжо ідуць у Заводскім раёне. Дзеля бяспекі і захавання прывабнага выгляду рухомыя кабіны новых пад'ёмнікаў антывандальныя: зроблены з сучасных матэрыялаў і аснашчаны камерамі відэаназірання. 

У аб'ектыў камеры, якая знаходзіцца наверсе, трапляе ўся кабіна на 360 градусаў. Сачыць за тым, што адбываецца ўнутры, спецыялісты змогуць анлайн. Калі ліфт не рухаецца, разумныя камеры ўключаюць рэжым сну - для эканоміі энергіі і памяці. Запісаная інфармацыя захоўваецца два месяцы. 

Толькі ў Заводскім раёне ўсталююць амаль 300 такіх смарт-кабін. Рухаюцца яны бясшумна і хутка, кнопкі  рэльефныя, больш зручныя для людзей са слабым зрокам. 

Акрамя відэаназірання, у новыя кабіны таксама уманціравана сістэма "фоташторы", дзякуючы якой дзверы спыняюцца аўтаматычна,  трымаць рукой іх больш не трэба.

Такія разумныя пад'ёмнікі з'явяцца ва ўсіх раёнах сталіцы. Усяго сёлета плануецца замяніць больш за 2 тысячы састарэлых ліфтаў. Тэрмін службы рухомай кабіны - 25 гадоў. Новыя ж праслужаць на 10 гадоў больш. 

Уладзімір Лебедзь, галоўны інжынер Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі: “На сённяшні дзень ужо праведзена замена 416 кабін. 202 кабіны ўведзены ў эксплуатацыю, а ў астатніх вядзецца здача”.  

Замена ліфтаў адбываецца і падчас капітальнага рамонту жылых дамоў. Паколькі працэс тэхнічна складаны, займае ён не менш чым два месяцы.