Лейтматыў міжнароднага медыяфоруму - партнёрства ў імя будучыні

22 мая 2013

Гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання. Менавіта такі сэнс лёг у аснову медыяфоруму, які стартаваў сёння ў Мінску.  Стварыць адзіную гуманітарную прастору і выстраіць культурны дыялог  - вось галоўныя задачы ўдзельнікаў мерапрыемства. На адкрыцці сабраліся вядомыя выдаўцы, пісьменнікі, мастакі і журналісты з розных краін. Творчыя сустрэчы, экскурсіі, майстар-класы і паездкі па ўнікальных цэнтрах.


 


Чым сёння здзівілі гасцей медыяфоруму - ведае Наталля Тарасюк.


Каля 500 удзельнікаў, з іх больш за сотню - госці амаль з 20 краін: Вялікабрытаніі, Расіі, Азербайджана, Францыі, Літвы і Польшчы. Лейтматыў міжнароднага медыяфоруму - партнёрства ў імя будучыні. Сёлета асноўная тэма - гісторыка-культурная спадчына, мова і нацыянальная літаратура. Таму невыпадкова госці з Расіі прывезлі з сабой асаблівы падарунак. Наша Нацыянальная бібліятэка папоўніцца новай кнігай - унікальным выданнем пачатку 20-га стагоддзя, прычым з надпісам самаго аўтара - князя Вяземскага.


Валерый Казакоў, старшыня федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусы Расіі: Дапамагае збліжаць народы, збліжаць нашы культуры, збліжаць нашы ідэалогіі. І тым самым умацоўваць тое, пра што мы так шмат гаворым: і стварэнне адзінай дзяржавы, і ўмацаванне СНД і наш Мытны саюз ад гэтага таксама атрымлівае плюсы. 


Каб не проста пагаварыць на культурныя тэмы, а яшчэ і ўбачыць,  у праграме форуму - творчыя майстэрні ў Вялікім тэатры оперы і балета, у абноўленым тэатры Янкі Купалы і нават у Белдзяржцырку. Цікава, што на медыяфорум у Мінск з Францыі прыляцела і вядомая мастачка-ілюстратар. На яе рахунку - сотні афіш самых прэстыжных цыркавых фестываляў у Манака, Францыі і ЗША. Працы мастачкі бачылі і мінчане - плакаты У гасцях у Монтэ-Карла і Сланы ў Мінскім цырку - менавіта яе тварэнні.


Алена Сапажкова, мастак цыркавых фестываляў у Монтэ-Карла, Маскоўскага цыркавога мастацтва і Беларускага дзяржаўнага цырка: Я б хацела прапанаваць, калі, вядома, гэта будзе цікава, прывезці сваю выставу - кніжныя ілюстрацыі. Там ёсць і супервокладкі, і чорна-белыя ілюстрацыі.


Госці сёння атрымалі і ўнікальную магчымасць наведаць выставу фатаграфій беларускіх помнікаў культуры і архітэктуры, і нават музей з рэдкімі выданнямі. Сёння Мінск  прымае медыяфорум, а ўжо  2017 годзе можа стаць сусветнай сталіцай кнігі.


Алег Праляскоўскі, міністр інфармацыі Беларусі: У 2017 годзе будзе 500 гадоў беларускаму кнігавыдаўніцтву. Мы звярнуліся ў адпаведныя інстанцыі з тым, каб Мінск стаў сусветнай сталіцай кнігі ў 2017 годзе.


Сярод удзельнікаў форуму нямала і прадстаўнікоў тэлеканалаў. З Малдовы, Таджыкістана, Расіі і Узбекістана. А вось тэлежурналісты з Азербайджана ўжо даўно супрацоўнічаюць з беларускімі СМІ. І не выключаюць, што ў будучыні на блакітных экранах дзвюх краін з'явяцца сумесныя маштабныя тэлепраекты.


Фаік Гусіеў, намеснік старшыні ЗАТ Азербайджанскае тэлебачанне і радыёвяшчанне: У нас вельмі добрыя кантакты з беларускім тэлеканалам. Мы маем вельмі добрую пляцоўку для супрацоўніцтва, таму што мы абменьваліся інфармацыяй, мы абменьваліся відэапраектамі, сюжэтамі і перадачамі.  


Акрамя таго, у Мінску ўпершыню ў гісторыі форуму назавуць пераможцаў 10-га юбілейнага міжнароднага конкурсу краін-удзельніц СНД Мастацтва кнігі. І, ужо традыцыйна, госці форуму  сустрэнуцца з будучымі рэпарцёрамі, фота і інтэрнэт-карэспандэнтамі. У БДУ адкрыецца летняя школа журналістыкі.  Гэтым разам - у цалкам новым фармаце прэс-клуба.


А вось ужо заўтра замежныя госці медыяфоруму стануць беларусамі. Удзельнікі адправяцца ў Мірскі замак, дзе іх чакае незвычайная абрадавая праграма-прысвячэнне. А 25 мая  міжнародны медыяфорум прадоўжыцца ў Нясвіжы.