Калі будзе сонца, чаго чакаць ад лета ў цэлым - прагнозы вывучыла Ксенія Рабчынская. Лета будзе. Праўда, толькі ў ліпені. Сёння над Беларуссю - цыклон Фрэдэрыка, ноччу тэмпература ўпала да 1 градуса па поўначы краіны - у студзені і лютым нярэдка і тое было цяплей. У цэлым гэты чэрвень на 6 адзнак тэрмометра ніжэйшы за кліматычную норму. Але гэта таксама норма, сцвярджаюць сіноптыкі.
Вядомая прымаўка не май месяц сёння як ніколі актуальная. Сапраўды не май, ён быў куды больш летнім, чым чэрвень. Сёння ў меню - дастаўленыя прама з акіяна 2 цыклоны паўночнаатлантычнай кухні. Повар заправіў іх халодным паветрам і надвор'е стала ўжо надта нагадваць вясну.
Калі вы сёння дасталі з шафы дэмісезоннае паліто, то сіноптыкі рэкамендуюць пакуль што не спяшацца вешаць яго назад. Хоць, у Беларусі заўтра сапраўды пацяплее, але вось ужо ў пятніцу цыклон Фрэдэрыка зменіць Гізела.
Як і належыць цыклону з жаночым імем, яна будзе больш капрызнай, чым Фрэдэрыка. Сярэдняя тэмпература паветра паднімецца да 23 градусаў, магчымы дажджы. Гізела пачала свой шлях над Атлантыкай і ўжо прагулялася па заходнееўрапейскіх сталіцах. Фактычна, абодва цыклоны адкрылі шэнгенскую візу для арктычнага паветра. У Швейцарыі сёння прайшоў моцны град, ён пашкодзіў дамы, аўтамабілі і пасевы. У Рыме напярэдадні праліўныя дажджы паралізавалі рух у горадзе і нават спынілі працу некалькіх станцый метро.
У нас не чакаецца ні снежнага граду, ні моцных ліўняў, ні туману, але ехаць за горад на выхадныя сіноптыкі не рэкамендуюць.
Паветра на выхадных прагрэецца ўсяго да плюс 19. Кліматолагі сцвярджаюць, што такое надвор'е ў чэрвені - не выключэнне, а, хутчэй, правіла. Прычым, не двух-трох гадоў, а дзесяцігоддзяў. Сапраўднае лета з года ў год наступае менавіта ў ліпені і рост тэмператур з-за глабальнага пацяплення заўсёды быў адчувальны толькі ў сёмым і восьмым месяцах. А зараз пацяпленне і зусім узяло тайм-аўт.
Уладзімір Логінаў, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, акадэмік, прафесар: За апошнія 15-16 гадоў наступіла паўза ў пацяпленні клімату, калі гэтая паўза закончыцца, адказу ніхто не ведае. Але не трэба думаць, што гэта за ўсю гісторыю адзіная паўза. Не, такая паўза была ў 60-х гадах.
Г.з. зараз росту сярэдняй тэмпературы ні летам, ні зімой няма. І чэрвень крыху халаднейшы, чым звычайна, але лета яшчэ наступіць. Што яшчэ важна: такое надвор'е, вядома, мала каму па душы, ад лета чакаеш сонца і сапраўднага цяпла, але затое, гавораць аграномы, камфортнае для раслін.
Пакуль сіноптыкі раяць беларусам саграваць адзін аднаго ўсмешкамі. А там недалёка і да па-сапраўднаму летняга ліпеня.