Лета як магчымасць зарабіць і атрымаць практычныя веды

28 июля 2015

У Мінскай вобласці ўжо сфарміравана 206 студэнцкіх атрадаў, а гэта 4 з паловай тысячы чалавек. Адзін з самых папулярных кірункаў працоўнай моладзі – будаўніцтва і рэканструкцыя сацыяльна значных аб'ектаў. На ўзвядзенні другой Мінскай кальцавой дарогі зараз працуюць тры студэнцкія атрады ў асноўным профільных дарожных спецыяльнасцяў. Надзея Сербіненка пабывала на самай маштабнай будаўнічай пляцоўцы Мінскай вобласці.

Студэнты факультэта транспартных камунікацый БНТУ - будучыя дарожнікі. Раней гэтыя чацвёртакурснікі ведалі пра ўкладку дарожнага палатна толькі ў тэорыі, на занятках ім пра гэта гаварылі выкладчыкі. А гэтым летам студэнты не проста працуюць плячо ў плячо з прафесійнымі будаўнікамі і інжынерамі – кожны дзень яны вучацца чамусьці новаму.

Разраўняць шчэбень уздоўж новага бетоннага пакрыцця, умацаваць земляныя адкосы і засеяць траву. За дзесяць рабочых гадзін - менавіта столькі кожны дзень студэнты праводзяць на будпляцоўцы – студэнты павінны ўсё паспець.

Другая Мінская кальцавая дарога сёлета будзе прызнана аб’ектам абласнога моладзевага будаўніцтва. На працягу аднаго працоўнага трыместра тут будуць працаваць адразу 6 студатрадаў. Для іх гэта магчымасць набыць неабходныя веды і практыку.

За выкананнем работ сочаць майстры і прарабы – для іх студэнты ў першую чаргу надзейныя памочнікі.

Студэнцкі атрад – гэта яшчэ і магчымасць зарабіць. За адзін месяц працы, у залежнасці ад складанасці і колькасці працоўных гадзін, студэнт можа зарабіць ад 5 да 15 мільёнаў рублёў.

У асноўным моладзь займаецца рэканструкцыяй і рамонтам навучальных устаноў вобласці, будаўніцтвам сацыяльна значных аб'ектаў. У дзіцячых аздараўленчых лагерах і аздараўленчых цэнтрах, размешчаных на тэрыторыі вобласці, працуюць 700 маладых выхавальнікаў. У складзе 72 сельскагаспадарчых атрадаў працуюць 1,1 тысячы маладых людзей. Актыўны ўдзел моладзь Мінскай вобласці прымае ў работах на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі АЭС у Астраўцы.