Летні цэнтр "Буслік" пачаў работу на базе Беларускага дзіцячага хоспіса

17 июня 2019
На працягу некалькіх змен тут прымаюць дзяцей-інвалідаў з іх бацькамі, братамі і сёстрамі. Праграма распрацавана для рэабілітацыі і сацыяльнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Тут імкнуцца стварыць самыя камфортныя ўмовы, сёлета ў гульнявой зоне з'явілася спецыялізаваная спартыўная пляцоўка - і ўсё гэта дзякуючы неабыякавым людзям.

У дзіцячым цэнтры "Буслік" наша здымачная група ўпершыню пабывала літаральна год таму. І адразу трапіла на вялікае свята. Тут кожны дзень не падобны адзін да аднаго. З дапамогай валанцёраў адпачывальнікі цэнтра ладзяць канцэрты, міні-спектаклі, спартыўныя турніры. Аднак каб увасабляць самыя смелыя ідэі, не заўсёды былі ўмовы. 

Новы летні сезон цэнтр сустрэў з адаптыўнай пляцоўкай. Неабходныя сродкі сабралі на краўдфандынгавай платформе. Таксама ў падтрымку добраўпарадкавання летняга доміка хоспіса была арганізавана вялікая спартыўная кампанія на Мінскім паўмарафоне - дабрачынны забег. Цяпер гэта спартыўная зона, даступная для ўсіх адпачывальнікаў цэнтра. Спецыяльнае бяспечнае пакрыццё, гульнявое абсталяванне падарылі магчымасць папрактыкавацца ў баскетболе тым, хто нават аб гэтым не марыў. Побач яшчэ адзін падарунак - інклюзіўная альтанка, дзе з камфортам можа размясціцца не адна сям’я.

Штогод сюды прыязджаюць сем’і і дзеці-інваліды з усёй краіны. Для многіх адпачынак у цэнтры - важная справа. Магчымасць забыцца на свае штодзённыя праблемы, знайсці новых сяброў і такую неабходную падтрымку. Заўсёды тут рады і гасцям. Тым, хто гатовы прысвяціць свой вольны час падапечным хоспіса і зрабіць для іх незабыўным, поўным шчаслівых эмоцый гэты непрацяглы час, праведзены ў "Бусліку".