Летні сезон студатрадаў на галоўнай будоўлі краіны афіцыйна закрыты

26 августа 2016

Усе 400 чалавек, якія працавалі над інфраструктурай Беларускай атамнай станцыі, апошні раз сёлета сабраліся ў Астраўцы. Лепшыя з іх, акрамя добрай зарплаты, атрымалі ўзнагароды і грашовыя прэміі.

Расказвае Улада Карніцкая.

Яны ўжо амаль два месяцы не былі дома. Увесь гэты час кожны дзень з 8 раніцы заліванне сцяжкі, укладванне цэглы і пліткі для пешаходных дарожак. Гэта абавязкі студэнцкага атрада на галоўнай будоўлі краіны. Аляксандр Скарадзёнак гаворыць: гэта таго вартае, бо, па сутнасці, працавалі хлопцы побач з тымі, хто ўзводзіць першую Беларускую атамную станцыю.

Аказваецца, каб трапіць у такі атрад, трэба прайсці адбор. Акрамя вопыту працы на будоўлі і пажадана разраду па прафесіі, у залікоўцы ў кожнага тут мінімум добрыя адзнакі. Плюс заслугі ў спорце. Бо гэта не проста праца - пасля змены заўсёды спаборніцтвы па футболе, валейболе, творчыя канцэрты і, вядома ж, душэўныя песні ля вогнішча. І за ўсё гэта студэнты яшчэ атрымалі зарплату.

Працаваць студэнты традыцыйна пачалі пасля сесіі - напрыканцы чэрвеня. А ўжо сёння ўсе 400 чалавек сабраліся ў Астраўцы апошні раз сёлета. Сезон працы скончыўся. На ўрачыстым канцэрце лепшыя маладыя будаўнікі з рук сваіх наймальнікаў атрымалі граматы і нават грашовыя прэміі.

Колькі зроблена хлопцамі, тут і не спрабуюць падлічыць. Гэта проста немагчыма. Зразумела адно: выкарыстаныя тысячы кубічных метраў бетону і тоны арматуры. Акрамя таго, менавіта гэтым летам беларускі студатрадаўскі рух атрымаў статус інтэрнацыянальнага.

Надзея Шахоўская, камандзір Рэспубліканскага штаба студатрадаў ЦК БРСМ:

"Упершыню сёлета ў нас атрад не проста беларуска-расійскі, ён стаў міжнародным, таму што ў склад з Томскага політэхнічнага ўніверсітэта прыехалі хлопцы з Рэспублікі Казахстан".

Як стала вядома, зараз Саюз моладзі працуе над яшчэ адным міжнародным праектам.

Беларуская атамная станцыя для маладых будаўнікоў ужо ў наступным годзе можа стаць не адзіным аб'ектам працы. Ужо зараз ідуць перамовы з Расатамам. А значыць, не выключана, што ў 2017-м беларускі атрад спецыялістаў (гэта каля 20 чалавек) адправіцца працаваць у Расію.