Юбілей сёння адзначае Герой Расіі, лётчык-касманаўт. Алегу Навіцкаму - 50 гадоў. Ураджэнец Беларусі, калі яшчэ быў вучнем Чэрвеньскай школы, вырашыў, што стане вайскоўцам. Таму адразу пасля яе заканчэння паступіў у Барысаглебскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў. Затым было Ейскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, Качынскае і 10 гадоў службы лётчыкам штурмавой авіяцыі на Паўночным Каўказе. Потым была вучоба ў Ваенна-паветранай акадэміі імя Гагарына, а пасля - адбор у касманаўты. Алег Навіцкі - трэці ўраджэнец Беларусі, які пабываў на калязямной арбіце. Першы раз ён адправіўся на МКС у кастрычніку 2012-га і правёў там 143 дні.
Другі касмічны палёт таксама ў якасці камандзіра Алег Навіцкі здзейсніў у лістападзе 2016 года. Сімвалічна, што свой юбілей касманаўт сустракае на арбіце, ён узначальвае 65-ю экспедыцыю на МКС. У гэтай місіі Навіцкі выступіць і ў якасці акцёра - ён прыме ўдзел у стужцы "Выклік", якая зараз здымаецца на арбіце.
З 50-годдзем Алега Навіцкага павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што касманаўт з'яўляецца сапраўдным патрыётам, які ўвесь час падтрымлівае сувязь з Радзімай і задае вартасныя арыенціры для маладога пакалення. І ў космасе з ім часцінка нашай краіны - Дзяржаўны флаг Беларусі.
Лётчыку-касманаўту Алегу Навіцкаму - 50!
12 октября 2021













