Лясное бортніцтва Беларусі і Польшчы можа трапіць пад апеку ЮНЕСКА

16 декабря 2019
Лясное бортніцтва Беларусі і Польшчы можа трапіць у Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Дасье гэтага элемента падрыхтавана экспертамі дзвюх краін і накіравана ў сакратарыят Канвенцыі. Дакументы будуць разгледжаны ў наступным годзе. Пра гэта ў праграме "Галоўны эфір" паведаміла начальнік упраўлення Міністэрства культуры Беларусі Наталля Хвір. А на мінулым тыдні Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА папоўніў палескі абрад "Юр’еўскі карагод". Унікальная традыцыя захавалася ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Мясцовыя жыхары выконваюць абрад вясной у дзень святога Юрыя. Ён лічыцца заступнікам свойскай  жывёлы і сельскай гаспадаркі. Па традыцыі, менавіта ў гэты дзень упершыню пасля зімы на поле выводзяць жывёлу. Мясцовыя жыхары вераць, што прытрымліванне традыцыі спрыяе добраму ўраджаю. 

Нагадаем, "Юр’еўскі карагод" - гэта не адзіны беларускі абрад, што знаходзіцца пад апекай ЮНЕСКА. Раней у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны былі ўключаны абрад  "Калядныя цары" і Будслаўскі фэст.