Леснікі актыўна нарыхтоўваць ёлкі да зімовых святаў

29 ноября 2014
Прыглядаюць на плантацыях самыя пушыстыя і прыгожыя - на продаж.

Надзея Сербіненка раскажа, як нарыхтоўваюць навагоднія дрэвы ў Маладзечанскім раёне і колькі яны будуць каштаваць напярэдадні свята.

Кожны год у пачатку снежня маладзечанскія ляснічыя праводзяць высечку дрэў для продажу. За год падрастаюць новыя елкі і хвоі, што набіраюць ўсё большую папулярнасць.

На адным гектары плантацыі высаджваюць тры з паловай - чатыры тысячы елак і хвояў. З насення. Летась лясгас высек і без астатку прадаў 6000 навагодніх прыгажунь. На гэты год планы такія ж. Дарэчы, маладзечанскія леснікі задавольваюць запатрабаванні жыхароў не толькі свайго раёна, але і суседніх. У снежні мінулага года на ёлачных базарах раёна асноўным пастаўшчыком ўсіх натуральных дрэў быў мясцовы лясгас.

Ужо вядомая і цана на навагоднія дрэвы. Метровая ёлка з маладзечанскіх лясоў будзе каштаваць 50 тысяч рублёў, 2-метровая - 60, а самая высокая абыдзецца ў 70 тысяч. Купіць іх можна будзе на ёлачных кірмашах.

Нелегальная нарыхтоўка навагодніх дрэў, у тым ліку ёлак і хвой, прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць. А тым, хто захоча нелегальна высекчы дрэва, прыйдзецца заплаціць штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь. Але сума 7,5 мільёна рублёў усё роўна не палохае аматараў самавольнай высечкі.

Масавую нарыхтоўку навагодніх прыгажунь у лясгасе пачнуць з 10 снежня. А ў другой палове месяца ў раёне адкрыюцца і ёлачныя базары. Яны будуць працаваць акурат да Новага года.