Ляснічыя пачалі нарыхтоўку бярозавага соку

25 Сакавіка 2020
Вітамінны сезон у разгары. У лясніцтвах збіраюць і нарыхтоўваюць бярозавы сок. Што не паспела набыць насельніцтва, разбіраюць перапрацоўчыя прадпрыемствы. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць нават пасля тэрмічнай апрацоўкі захоўваць усе карысныя якасці напою. Пастаўляюць бярозавы сок і за мяжу: у Расію, Узбекістан і Туркменістан.

Месца для падсочкі выбіраецца загадзя спецыялістамі. За парушэнні прадугледжаны штраф. Сёлета лясгасы плануюць сабраць больш за 5 тысяч тон бярозавага нектару. Ён, дарэчы, неад'емны інгрэдыент аўтарскіх страў.

Аляксандр Чыкілеўскі,  кіраўнік гільдыі повараў і шэф-повараў Беларусі:  "У дадзеным выпадку я тушыў курыную грудку ў бярозавым соку па тэхналогіі sous-vide прыкладна паўтары гадзіны. Было вельмі важна, каб грудка ўзяла водар бярозавіка, каб яна проста тушылася. Каб сок трапіў у сярэдзіну гэтай курыцы, каб атрымалася мяккая курыная мякаць і плюс вось гэты тонкі водар бярозавіка. Можна з бярозавіка зрабіць марожанае, можна пры дапамозе малекулярных тэкстур зрабіць пудру альбо снег".

Завершыцца сезон у пачатку красавіка, калі надвор'е захаваецца такім жа цёплым.