Лясгасы вобласці пачалі падкормку дзікіх жывёл

12 декабря 2013
Зараз глыбіня снежнага покрыва складае каля 15 сантыметраў, таму жыхарам лясоў цяжка знайсці сабе ежу пад глыбокімі гурбамі. Сёлета для дзікіх жывёл толькі ў Клецкім лясгасе ляснікі нарыхтавалі каля 50 тон сена, сіласу і і зерня.

Як кормяць дзікоў, ласёў і казуль - ведае Аляксандр Харавец.

Іван Ахрыменя штогод нарыхтоўвае для дзікіх жывёл кукурузны сілас, сена і зерне. У снежную зіму жыхарам лясоў такі харчовы правіянт у самы раз. Раз на тыдзень егер развозіць па лясных кармушках каля 200 кілаграмаў ежы. Сёлета ў Клецкім лясгасе нарыхтавалі 15 тон такіх прысмакаў для жывёл.

Аднак дабрацца да лясных кармушак не так проста - без усюдыходнага УАЗа ў лес не заехаць. Ды і пазадарожнік не заўсёды дапамагае. Вось і прыходзіцца насіць сілас на плячах. А такіх кармушак толькі ў Івана Ахрымені 6.

Пад вялізнымі снежнымі гурбамі жыхарам лясоў цяжка знайсці сабе ежу. Таму да гэтай кармушкі не зарастае звярыная сцежка. А на свежым снезе добра бачны сляды казуль, дзікоў і нават ласёў.

Дарэчы, для дзікоў зроблены спецыяльныя загоны.
Дзікі і казулі падсілкавацца прыходзяць ноччу. А вось птушкі сюды злятаюцца з усяго лясніцтва. Акрамя гэтага на ўскрайку лесу спецыяльна засейваецца кукурузнае поле і не ўбіраецца, каб дзікія жывёлы самі знаходзілі сабе ежу.

А вось паляўнічым у Клецкім лясгасе ёсць дзе пастраляць. Сёлета тут пабудавалі 4 вышкі. На паляванне сюды прыязджаюць з Расіі, Германіі, Францыі і Бельгіі. Зараз адкрыты сезон на дзікоў, казуль, ласёў і зайцаў. Тут жа можна набыць і паляўнічую пуцёўку.

Для адпачынку ёсць спецыяльны паляўнічы дом. Толькі на яго арэндзе сёлета ў лясгасе зарабілі больш як 110 мільёнаў рублёў. А завершыцца сезон палявання напрыканцы студзеня.