Кожны дзень спецыялісты Слуцкага лясгаса нарыхтоўваюць на продаж сотні зялёных прыгажунь. На елачнай плантацыі прыйшоў час вечназялёных раслін. Тут жа і іншыя прадстаўнікі іглічных - пухнатыя хвоі, якія апошнім часам карыстаюцца ўсё большым попытам. Добрая альтэрнатыва калючай класіцы.
У пошуках самай прыгожай навагодняй ёлкі ляснік Міхаіл Шыян кожны дзень абходзіць плантацыю калючых дрэў пад Слуцкам. Тут на плошчы ў 1 гектар больш за 5 тысяч дрэў. Усе яны спецыяльна вырошчваюцца да галоўнага свята зімы.
Самастойна высякаць елкі ў лесе не варта - за гэта можна атрымаць штраф. На ўсіх навагодніх плантацыях устаноўленыя камеры відэаназірання.
З лясніцтваў зялёны экспрэс адпраўляецца на елачныя кірмашы. На іглічных маркетах ажыятаж з раніцы да вечара. Зараз елкі набываюць тыя, хто рыхтуецца да свята загадзя.
Елачныя кірмашы адкрыліся ў Мінску
Сёння елачныя кірмашы адкрыліся і ў сталціы. У трэндзе незвычайныя кедры, піхты, блакітныя елкі і дрэвы ў кадках. Елку ў кантэйнеры з зямлёй трэба асабліва даглядаць. Яе неабходна паліваць, апырскваць вадой лапкі. Для таго каб дрэва не абсыпалася, важна выконваць пэўны тэмпературны рэжым.
Лясніцтвы прадаюць елкі вышынёй да 1 метра ад 10 рублёў, да 2 метраў - ад 12, а самыя высокія трохметровыя навагоднія дрэвы можна набыць за 16 і больш рублёў. Усяго сёлета лясгасы Мінскай вобласці плануюць рэалізаваць амаль 40 тысяч іглічных і больш за тысячу дрэў у кадках.













