Лясгасы Беларусі пачалі прамысловую нарыхтоўку бярозавіку

11 марта 2020
Выконваць свае задачы пачалі леснікі. Сёлета на два тыдні раней, чым  звычайна. У лясгасах краіны нарыхтоўваюць бярозавік. У планах за сезон нарыхтаваць дзясяткі тысяч літраў напою. Большую частку адправяць на перапрацоўку і рэалізуюць у краіне, але ёсць у бярозавіка і экспартны патэнцыял. Падрабязнасці ў рэпартажы Юрыя Карняловіча. 

Сёлета бярозавік пайшоў на два тыдні раней, чым  звычайна

У сёлетнім сакавіку бярозавік пайшоў на два тыдні раней, чым  звычайна. Таму працаваць на плантацыях леснікам даводзіцца з раніцы  да вечара. Пакуль стаіць цёплае надвор'е, неабходна сабраць максімальную колькасць ляснога напою.

Для нарыхтоўкі соку выкарыстоўваюць толькі старыя дрэвы

У Лідскім раёне адразу некалькі лясніцтваў займаюцца прамысловай нарыхтоўкай бярозавіку. Тут, прызнаюцца спецыялісты, галоўны прынцып - не нашкодзіць. 
Для нарыхтоўкі соку ў прамысловых маштабах выкарыстоўваюцца выключна дрэвы, якія дасягнулі сваёй спеласці – старэйшыя за 60 гадоў. Пасля таго, як сок будзе сабраны, усе яны будуць спілаваныя і адпраўлены на перапрацоўку.
Бярозавік - напой гаючы. А ў першыя дні пасля нарыхтоўкі ў ім максімальная колькасць вітамінаў. Вось і едуць мясцовыя жыхары па здароўе адразу на плантацыю да леснікоў.

Беларускі бярозавік пастаўляецца на экспарт

У гэтым сезоне ў Лідскім лясгасе плануюць нарыхтаваць не менш  за 150 тон соку. Гавораць, напой карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі ў мясцовых жыхароў. Па беларускі бярозавік прыязджаюць нават з суседняй Літвы.
Нарыхтоўка бярозавіку ў Беларусі прадоўжыцца яшчэ як мінімум два тыдні. За гэты час лясгасы забяспечаць свежым напоем не толькі насельніцтва, але і ўсе перапрацоўчыя прадпрыемствы краіны.