Легендарны сталічны стадыён змяняе звыклы выгляд

27 августа 2014
Стадыён з футбольным полем, тэнісным кортам і трыбунамі з'явіцца ў сталічным мікрараёне Серабранка. Падрыхтавана зямельная пляцоўка, дэманціравана асфальтавае пакрыццё і трыбуны. Дарэчы, некалі на гэтым полі сваю кар'еру пачыналі такія зоркі беларускага футбола як Сяргей Алейнікаў і Андрэй Зыгмантовіч.


На легендарным стадыёне пабывала і наш карэспандэнт Марына Мураўёва.


Рэканструкцыя міжшкольнага стадыёна пачалася ў канцы мінулага года. Сёлета ўсталёўваюць агароджу для пачатку будаўнічых работ. Тры секцыі трыбун, футбольнае поле са штучным пакрыццём, тэнісны корт і бегавыя дарожкі. Такім убачаць стадыён жыхары Серабранкі пасля яго рэканструкцыі. А пакуль ён больш нагадвае звычайнае поле.


А некалі на гэтым полі размяшчалася спартыўная дзіцячая школа алімпійскага рэзерву № 5. У яе сценах легендарны Алег Базарнаў, заслужаны трэнер Беларусі, выхаваў такіх вядомых футбалістаў як Сяргей Алейнікаў і Андрэй Зыгмантовіч.


Былому навучэнцу знакамітага трэнера звязаць сваё жыццё з футболам не атрымалася. Пасля траўмы Яўгену Напорку прыйшлося завяршыць футбольную кар'еру. Зараз ён жартоўна называе сябе аматарам. І спадзяецца, што новы стадыён хутка набудзе былую славу.


Яўген Напорка, выхавальнік СДЮШАР № 5 Ленінскага раёна г. Мінска: Я спадзяюся, што зробяць добры стадыён, які будзе служыць на карысць жыхароў Серабранкі, для падрастаючага пакалення, для нашых школьнікаў. Мне б вельмі хацелася, каб на базе гэтага стадыёна была створана футбольная акадэмія імя Алега Міхайлавіча Базарнава.


Грандыёзныя планы і ў генпадрадчыка. На будаўніцтва новага стадыёна з сучасным абсталяваннем і пакрыццём трэба 16 мільярдаў рублёў. Сума немаленькая, таму сродкі з мясцовага бюджэту будуць выдаткоўваць паступова.


Школа і гімназія, паміж якімі разгарнулася рэканструкцыя, з нецярпеннем чакаюць першых заняткаў па фізічнай культуры на новым стадыёне. Паводле слоў генпадрадчыка, сваю працу новы сучасны стадыён у Серабранцы плануе пачаць у 2016 годзе.