Лячэнне ад наркаманіі працай і малітвай

2 февраля 2015

У Іванаўскім раёне ў вёсцы Пятровічы вось ужо пяць гадоў існуе цэнтр, у якім залежных ад наркотыкаў лечаць з дапамогай працы і малітвы. Там няма таблетак, лечаць душы, змяняюць мышленне. У кожнага "студэнта", так тут называюць пацыентаў цэнтра, свая гісторыя, свая споведзь.

Вікторыя Патоня пачула тых, хто набыў новае жыццё.

З выгляду звычайны дом на ўскраіне вёскі. Адразу і не скажаш, але гэта цэнтр рэабілітацыі, дзе дапамагаюць мужчынам адолець наркатычную залежнасць. На суседняй вуліцы яшчэ адзін - для жанчын. У кожнага чалавека тут свая гісторыя і мінулае, але жаданне адно - здабыць новае жыццё. У аснове ўсяго тут малітва і праца. Табу на курэнне і алкаголь. Тэлевізар таксама глядзяць выбарча. Двойчы на тыдзень бываюць на набажэнствах. Праграма разлічана на год.

У цэнтры ёсць агарод, на якім вырошчваюць прадукцыю для ўласных патрэб. Трымаюць хатнюю гаспадарку: куры, качкі, трусы. Здавалася б, для многіх людзей гэта звычайныя рэчы, але тут менавіта яны дапамагаюць змяняць мышленне і лад жыцця, лечаць душы.

Максім - наркаман з сямігадовым стажам. Прызнаецца, што нават не заўважаў гэтых простых рэчаў. У цэнтры другі месяц, толькі на пачатку шляху вылячэння. Прыйшоў на рэабілітацыю, як і ўсе пацыенты, па ўласным жаданні. Інакш вынікаў не дабіцца.

За час існавання праз цэнтр прайшлі больш за сотню людзей. Кожны чацвёрты з залежнасцю справіўся. Алег Колб прыйшоў сюды пяць гадоў таму. Спачатку па выратаванне, а потым стаў дапамагаць іншым.

Алег Колб, выхавальнік цэнтра рэабілітацыі: "Калі чалавек да нас звяртаецца, мы даражым кожным. Я сам былы наркаман, ведаю, што гэта такое, што вельмі цяжка вылезці з гэтага. Але ведаю, што магчыма. І перш чым чалавек пойдзе, мы з ім вельмі доўга гутарым".

Дзіна Ярмалюк, старшыня грамадскага савета Пінскага гарадскога аддзялення РГА "Маці супраць наркотыкаў": "Наркаспажыванне - гэта вынік нейкай асабістай трагедыі, асабістай траўмы або распушчанасці, што таксама ідзе з сям'і. І падыход, вядома, трэба комплексны, праца з сем'ямі. Зразумела, выхад з гэтай праблемы не можа быць вельмі хуткім. Няма такой таблеткі і такой цукеркі, якую сёння вечарам бы з'еў і раніцай прачнуўся са змененай свядомасцю і разуменнем".

Са шматлікімі сваімі пацыентамі работнікі цэнтра падтрымліваюць сувязь. Дапамагаюць аднавіць не толькі дакументы, але і страчаныя адносіны са сваякамі. Дапамагаюць усім, хто сам шчыра хоча пачаць новае жыццё.