Лаўрэаты конкурсу "100 ідэй для Беларусі" прэзентавалі праекты міжнародным экспертам

27 мая 2015

Бізнес-бой за інвестара. Сёння лаўрэаты конкурсу "100 ідэй для Беларусі" прэзентавалі праекты міжнародным экспертам - гэта выкладчыкі еўрапейскіх ВНУ і бізнесмены. Свае стартапы абаранялі больш за 20 удзельнікаў, прычым выключна на англійскай мове. Распрацоўкі сферы лёгкай прамысловасці, IT-тэхналогій і робататэхнікі. Паралельна для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў пройдуць майстар-класы. Спецыялісты падзеляцца вопытам бізнес-планавання, а таксама распавядуць аб абароне інтэлектуальнай уласнасці і маркетынгавым аналізе. Як аўтары ідэй прасоўвалі свае праекты і за якія бонусы змагаліся - рэпартаж Кацярыны Шыбко.

Ён прыдумаў Гексапод. Менавіта так назваў свайго шматфункцыянальнага робата-павука Максім Масальскі. Паводле слоў аўтара ідэі, тэхналогія ў будучыні можа выкарыстоўвацца ў стварэнні новай мадэлі ўсюдыхода.

Максім Масальскі, аўтар ідэі: "Гэта ідэя патрэбна для таго, каб распрацоўваць новыя алгарытмы руху. У адрозненне ад колавых транспартных сродкаў можна пабудаваць перамяшчэнне на дадзеным прынцыпе і павялічыць яго праходнасць па складаных мясцовасцях, да якіх нельга дабрацца аўтамабілем".

Гэту распрацоўку Максім Масальскі будзе прэзентаваць у бізнес-баі са сваімі апанентамі выключна на англійскай мове. Усяго больш за 20 удзельнікаў. Для кожнага з іх гэта перш за ўсё вопыт прасоўвання свайго стартапа і, безумоўна, пошук інвестараў. Ацэньваць маладых бізнесменаў будуць у тым ліку міжнародныя эксперты. Гэта выкладчыкі ўніверсітэтаў Вялікабрытаніі, Францыі, Фінляндыі, Партугаліі, Швецыі, а таксама спецыялісты краін "Усходняга партнёрства".

Дорын Фештэу, выкладчык Новага ўніверсітэта Бакінгемшыра (Вялікабрытанія): "Паміж бізнесам-ідэй і пачаткам бізнесу вялікі шлях. І мы сабраліся для таго, каб зрабіць складаную пачатковую працу і вучыць студэнтаў прадпрымальніцкай культуры. І студэнты павінны разумець - перад тым як яны стануць бізнесменамі, прыйдзецца перажыць і шмат няўдач. Не ўсё адразу атрымліваецца".

Ірына Залатарова, эксперт Еўракамісіі па рэфармаванні вышэйшай адукацыі: "Ідэя павінна быць такой, каб знайшліся кліенты, якія заплацяць за гэту ідэю. Тут рэкамендацый няма. Ёсць алгарытмы. Як апісваць бізнес-ідэю, як знаходзіць інвестараў, а галоўнае пытанне - знайсці рынак".

Менавіта таму для маладых прадпрымальнікаў спецыялісты правядуць майстар-класы. Яны падзеляцца вопытам бізнес-планавання, распавядуць аб абароне інтэлектуальнай уласнасці і маркетынгавым аналізе ў залежнасці ад асаблівасцяў самога праекта.

Такія краш-тэсты - менавіта так інвестары называюць прэзентацыі маладзёжных ідэй - будуць праходзіць на працягу года. Самая масавая маладзёжная арганізацыя краіны плануе стварыць стартап-цэнтр з удзелам замежных спецыялістаў. Сёння было падпісана пагадненне аб такім супрацоўніцтве.

Ужо пасля прэзентацыі праектаў лепшы ўдзельнік, на думку экспертаў, атрымае на год бясплатны сертыфікат. Гэта бізнес-інкубіраванне, якое ўключае ў сябе розныя бонусы. Напрыклад, арэнда памяшкання. Акрамя гэтага спецыялісты акажуць юрыдычнае суправаджэнне стартапа.