Кветкавыя кампазіцыі ў выглядзе слуцкіх паясоў з’явяцца ў сталіцы ў парку імя Янкі Купалы і на плошчы Якуба Коласа. Зараз над дызайнам арыгінальных пасадак працуюць спецыялісты Мінскзелянбуда. Да таго ж камунальныя службы імкнуцца добраўпарадкаваць кожны двор сталіцы. Антаніна Станкевіч працягне тэму.
Сябры Дзяніс і… Дзяніс з ахвотай бавяць свой вольны час на дзіцячай пляцоўцы ля дома. Пасля школы і ўрокаў гуляюць у рэйнджараў і самураяў альбо проста займаюцца спортам. Хоць менавіта гэтая дзіцячая пляцоўка даволі звычайная, усё ж такі яна любімае месца для ўсіх дзяцей з суседніх дамоў.
Машыну з марожаным камунальнікі не абяцаюць, а вось новае дзіцячае абсталяванне як раз у іх кампетэнцыі. Праўда, каб у дзіцячым двары з’явіліся новыя каруселі, ініцыятыву трэба будзе праявіць і бацькам.
Сёлета плануюць адрамантаваць амаль 600 дваровых тэрыторый, а гэта значыць замяніць бардзюры, падфарбаваць і адрамантаваць дзіцячае абсталяванне. А вось усталяванне новага – пытанне, якое аддалі самім жыхарам. Яны самастойна вырашаюць, чаго не хапае менавіта ім: горак, арэляў ці спартыўных трэнажораў, - і закупаюць іх таксама самастойна.
Такая форма супрацоўніцтва дзейнічае ў сталіцы некалькі гадоў. Алгарытм такі: людзі вырашаюць змяніць штосьці ў сваім двары, накіроўваюць адпаведную просьбу ў камунальныя службы і аплачваюць новае дзіцячае абсталяванне ці малыя архітэктурныя формы – каму што патрэбна. З пачатку года сталічныя ЖЭСы падпісалі 59 адпаведных дагавораў.
Надаць сталічны лоск трэба не толькі дварам, але і цэнтру горада. Над новымі кветкавымі кампазіцыямі ў стылі этна працуюць дызайнеры Мінскзелянбуда. Хутка слуцкія паясы з белых, жоўтых, чырвоных кветак упрыгожаць парк імя Янкі Купалы і плошчу Якуба Коласа. Толькі з пачатку сезона азеляніцелі высадзілі 16 000 дрэў і паўмільёна кветак. Зараз надвор’е спрыяе працягу працу. Да сярэдзіны лета сталічныя вуліцы і праспекты ўпрыгожацца больш як двума мільёнамі петуній, руж і бальзамінаў.













