Квэст-гульні прапануюць убачыць Мінск у новым ракурсе

24 сентября 2015

Знайсці вуліцу па гістарычнаму фотаздымку або адправіцца на пошукі скарбаў графа Чапскага - квэст-гульні прапануюць убачыць Мінск у новым ракурсе. Такія падарожжы адкрыюць патаемныя месцы сталіцы. Удзельнікам неабходна праходзіць выпрабаванні на логіку і арыентаванне на мясцовасці. Пасля выканання задання, па тэлефоне гульцы атрымліваюць чарговы іспыт. Правільны адказ можна даведацца, толькі з дапамогай уласнай кемлівасці. Сваю знаходлівасць праверыў і Ян Пашкевіч.

Захар Драчан ведае родны горад дасканальна. Пазнаць таямніцы і знайсці самыя патаемныя мінскія вулачкі яму дапамагаюць не падручнікі і кнігі, а квэст-гульні. Лагічныя задачы і заданні па пошуку розных месцаў захапляюць маладога чалавека даўно.

Падчас квэсту ў гульнявую пляцоўку ператвараецца ўвесь горад. Заданні шукальнікі прыгод атрымліваюць праз Інтэрнэт. Пакуль у Мінску распрацаваны тры маршруты - па 15 выпрабаванняў кожны. Знайсці тое ці іншае месца - мала, трэба яшчэ і задзейнічаць логіку. Напрыклад, падлічыць лічбы на флюгеры над Ратушай…

Правільны адказ - мінус 412. Да ўжо гатовага матэматычнага прыкладу 1591 мінус 2003 - трэба было дадаць знак раўно.

Шукальнікі ж вострых пачуццяў могуць праверыць сваю вынаходлівасць у так званых гейм-румах - памяшканнях - галаваломках, з якіх неабходна знайсці выхад. Сіла ў гэтым не дапаможа - толькі ўласная кемлівасць і ўвага да дробязяў.

На ўсё даецца гадзіна. Не так шмат часу. Бо раскіданыя па пакоі выпадковыя рэчы толькі адцягваюць ўвагу ўдзельнікаў гульні. У самы крытычны момант можна скарыстацца падказкай.

Мудрагелісты сюжэт прыгодніцкай гульні з патаемнымі хадамі і лагічнымі замкамі стварала каманда інжынераў і сцэнарыстаў.

А ўжо ў суботу аматары прыгод упершыню змогуць адправіцца на пошукі скарбаў Радзівілаў. Квэст-гульня пройдзе ў Нясвіжскім палацы. Папярэдне сцэнарысты вывучалі маёнтак вядомых шляхцічаў амаль тры месяцы. Вандроўнікі трапяць у велічныя бальныя залы, спусцяцца па патаемных хадах у падзямелле і ўбачаць палац з самай высокай вежы. Падчас звычайнай экскурсіі такіх эмоцый не зведаеш.