Квадрацыклы пад улік

13 февраля 2017

З наступнага года кіраваць гэтым транспартным сродкам змогуць толькі тыя, у каго будзе адпаведная вадзіцельская катэгорыя. Такая мера вымушаная, бо для сваіх хвацкіх паездак часта кіроўцы квадрацыклаў выбіраюць месцы альбо з павышанай небяспекай (напрыклад, аўтамагістралі), альбо сельгасугоддзі, што прыносіць нямалую шкоду аграрыям. Як будуць змагацца з парушальнікамі, даведваўся Юрый Шаўчук.

Гэтае поле ў Мінскім раёне. Аднак пасля таго як тут арганізавалі гонкі мясцовыя ўладальнікі квадрацыклаў, угоддзі больш нагадваюць палігон. Гэта нядзіўна. Зірніце на гэтыя шыны. У большасці выпадкаў яны разлічаныя на бездарожжа, балоты і іншыя непраходныя мясціны, але ніяк не для палёў, дзе растуць азімыя.

Пакуль узаемаадносіны паміж кіроўцамі квадрацыклаў і супрацоўнікамі дарожнай міліцыі не рэгулююцца ніводным прававым дакументам. Міліцыянеры гавораць, што ездзіць па дарогах агульнага карыстання на гэтым транспарце нельга. Але ўзнікае лагічнае пытанне: "Дзе тады можна?"

Таксама праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што трэба размежаваць усе віды квадрацыклаў. Бо адны машыны маюць больш агульнага з джыпам, чым з матацыклам. Дарэчы, менавіта такія экзэмпляры і перааралі поле ў Мінскім раёне.

Дакладна вывучыць, дзе, што, трэба будзе ўжо ў найбліжэйшы час. Бо для таго, каб кіраваць гэтымі транспартнымі сродкамі ў наступным годзе, трэба будзе адпаведная катэгорыя. Напрыклад, на шашэйны квадрацыкл хопіць катэгорыі А, а вось каб сесці за руль мотаўсюдыхода і снегабалатахода, прыйдзецца вывучыцца на трактарыста-машыніста і зарэгістраваць свайго жалезнага каня ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.

Ездзіць з усімі адпаведнымі дакументамі ўладальнікам квадрацыклаў трэба будзе ўжо з наступнага года. Калі ж дакументы былі згубленыя, то прыйдзецца прайсці яшчэ адну працэдуру - адвезці чатырохколавага сябра ў ДАІ. Там спецыялісты вызначаць, да якога класа адносіцца машына, і якая менавіта катэгорыя патрэбная для яе кіравання.

А гэта вынік маніторынгу. Рэйд напярэдадні правялі супрацоўнікі ДАІ сумесна з байцамі МНС. Лавілі парушальнікаў нават з дапамогай квадракоптара. У выніку затрымаць удалося 7 парушальнікаў, якія ездзілі, дзе хацелі і як хацелі, у тым ліку і п’яныя. Напрыклад, у Мінскім раёне нецвярозы бацька арганізаваў заезд са сваім сямігадовым сынам. Свой учынак мужчына спрабаваў апраўдаць тым, што сёння квадрацыклам можна кіраваць, як хочаш. Што ж, зусім хутка з'явіцца цэлы збор правіл, які расставіць усе кропкі над і. Плануецца, што змяненні будуць унесеныя і ў правілы дарожнага руху.