Рухавік ад "жыгулёў", руль ад "фольксвагена", каробка перадач ад "аўдзі", ёсць дэталі і ад трактара "Беларус". Каваль са Шчучынскага раёна за два гады змайстраваў унікальны аўтамабіль, які прайшоў усе іспыты і нават зарэгістраваны ў Дзяржаўтаінспекцыі. Мае нумарны знак і дапушчаны да руху на дарогах. А знешняму выгляду цуда-тэхнікі могуць пазайздросціць лепшыя цюнінгавыя кампаніі. Як пры дапамозе молата і кавадлы ў кузні пад Шчучынам ствараюцца незвычайныя аўтамабілі – рэпартаж Юрыя Карняловіча.
Каваль Армэн Васільян пра свайго "жалезнага каня" можа расказваць гадзінамі. Над стварэннем такога гібрыда аўтамабіля і трактара працаваў на працягу двух гадоў. Памочніка па гаспадарцы сабраў, што называецца, з таго, што было пад рукамі.
Потым яшчэ некалькі месяцаў даводзіў да ладу знешні выгляд. Затое сёння такому цюнінгу могуць пазайздросціць нават самыя вядомыя майстэрні краіны. Храміраваныя дэталі ствараюць унікальны вобраз самаробнага агрэгата.
Трактар зроблены настолькі прафесійна, што нават у супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі не ўзнікла пытанняў да транспартнага сродку. Тэхніка зарэгістравана і мае свой нумарны знак. Эканомны рухавік на 100 кіламетраў затрачвае каля 6 літраў паліва.
Армэн Васільян доўгі час працаваў на будоўлях і марыў адкрыць сваю кузню. Захапленне металам, прызнаецца, пачалося яшчэ ў юнацтве. Зараз з майстэрні проста не выходзіць. Усе хатнія прылады працы зрабіў сваімі рукамі. А калі з’явілася гаспадарка і кавалак зямлі, задумаўся пра памочніка.
Сёння чырвоны трактар Армэна Васільяна стаў ўжо своеасаблівай адметнасцю Шчучынскага раёна. Гаспадар дэманстраваў яго на шматлікіх аўтафестывалях і нават на аграрнай выставе ў Мінску. Таму пра таленавітага каваля з невялікай вёскі Стараўшчына ведаюць усе навокал. Такая папулярнасць натхняе майстра на новыя праекты.
Змайстраваўшы трактар, каваль не спыніўся. Калі гэта тэхніка для душы, то вось гэтая машына выключна для працы на агародзе. Сабрана, дарэчы, таксама з розных агрэгатаў. Рухавік, напрыклад, ад мотаблока, а задні мост ад легкавога аўтамабіля.
Каб аўтапрататыпы былі не толькі выставачнымі мадэлямі, майстар распрацаваў для іх цэлы шэраг навяснога абсталявання. Плугі, бароны, ёсць у лінейцы нават міні-бульбасаджалка. А для засушлівага надвор’я каваль прыдумаў нават палівальную машыну.
У планах шчучынскага майстра сабраць яшчэ некалькі транспартных сродкаў. Быў бы час, прызнаецца Армэн Васільян, а задумак і праектаў хопіць на некалькі гадоў наперад.
Каваль са Шчучынскага раёна за два гады змайстраваў унікальны аўтамабіль
11 апреля 2020













