Кургану Славы і Хатыні - 50 гадоў

5 июля 2019

Сёння самым знакавым мемарыялам Беларусі - Кургану Славы і Хатыні - 50. Іх узводзілі адначасова і адкрылі ў адзін дзень - 5 ліпеня 1969 года, да 25-годдзя вызвалення Беларусі. Рукатворны Курган Славы, які стаў сімвалам нязломнасці і гераічнасці, узвялі на 21-м кіламетры Маскоўскай шашы. У 44-м менавіта тут была акружаная 105-тысячная групоўка вермахта, што ўвайшло ў гісторыю пад назвай "Мінскі кацёл".

А трагедыя маленькай вёскі Хатынь стала сімвалам усіх спаленых населеных пунктаў Беларусі. Іх дакладная колькасць невядомая і сёння. Тэрыторыя комплексу - 49 гектараў, столькі займала сама вёска. Да юбілею стварэння мемарыяла Нацыянальны архіў Беларусі выпусціў зборнік "Хатынь. На шляху да прызнання". Тут упершыню публікуюцца дакументы аб прысуджэнні аўтарскаму калектыву Ленінскай прэміі. Яшчэ зусім нядаўна на іх стаяў грыф "сакрэтна".

У зборніку апублікаваны 24 дакументы, якія датычацца абмеркавання кандыдатуры аўтараў Хатыні на прысуджэнне найвышэйшай узнагароды СССР. З 38 членаў камісіі 36 прагаласавалі за беларускі ансамбль. Арыгіналы захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва.