Курган Славы і Хатынь. Іх адкрылі 5 ліпеня роўна 50 гадоў таму

5 июля 2019

Сёння мы ганарымся дасягненнямі сучаснай Беларусі, незалежнасць якой адстойвалі нашы дзяды і прадзеды падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сярод сімвалаў трагедыі і гераічнасці тых падзей сталі 2 знакавыя для кожнага беларуса мемарыялы. Курган Славы і Хатынь. Іх адкрылі ў адзін дзень - 5 ліпеня роўна 50 гадоў таму. Сёння комплексы вядомыя ва ўсім свеце. Але дагэтуль невядомымі застаюцца мноства фактаў і дэталяў аб стваральніках і іх шэдэўрах. Гісторыя мемарыялаў - матэрыял Алены Борматавай.

5 ліпеня 1969-га - на кадрах кінахронікі. Адкрыццё мемарыяльнага ансамбля "Хатынь". Сярод сотняў людзей - маладыя аўтары мемарыяла. Ім ледзь за трыццаць. Вечны агонь запальваюць ад Вечнага агню на плошчы Перамогі. Ён гарыць круглыя суткі, круглы год. Вось ужо 50 гадоў.

У конкурсе на стварэнне мемарыяла ўдзельнічалі 10 праектаў. Перамог той, дзе было ўшанавана ўсё. Гэта помнік-дакумент. Тут не змянялі ландшафт. Нават дрэвы тыя самыя. Абеліскі ў выглядзе печкавай трубы на месцы кожнай з 26 спаленых хат. Архітэктары самі шукалі падмуркі. Расчыненая брамка - як запрашэнне ўвайсці ў дом, якога няма. 

Упершыню Градаў, Занковіч і Левін - яны заўсёды пісаліся па алфавіце, каб падкрэсліць роўнасць кожнага, прыехалі ў Хатынь увесну 1967-га. Цішыню парушаў толькі спеў жаўрукоў. Ён і натхніў аўтараў на выкарыстанне звону. 

Званы, якія загаварылі ў Хатыні, адлівалі на тэрыторыі Мінскага радыятарнага завода. Па першапачатковай ідэі аўтараў, званы павінны званіць ад парыву ветру. Але парываў ветру не хапала, і званы маўчалі. Ідэя з электрыфікацыяй апынулася больш удалай. Званы загаварылі.

Самы высокі элемент Хатыні - 6-метровы стары з дзіцем на руках - "Непакорны чалавек" аўтарства скульптара Селіханава. Правобраз Іосіфа Камінскага, адзінага дарослага, які выжыў у трагедыі. Але ляпілі скульптуру не з яго. Гэта зборны вобраз непакорнага народа. 
 
21-ы кіламетр маскоўскай шашы. У 1944-м падчас стратэгічнай вызваленчай аперацыі "Баграціён" у гэтых месцах была акружаная 105-тысячная групоўка войскаў арміі "Цэнтр" - адна з найбуйнейшых у гады Другой сусветнай вайны, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай "Мінскі кацёл". У 60-ых месца разгрому войскаў вермахта вырашаюць увекавечыць: насыпаць курган і пасадзіць 4 дубы. Але маладыя аўтары Стаховіч і Арцімовіч распрацоўваюць свой праект. З гатовымі макетамі ідуць да ўжо вядомага скульптара Бембеля. Франтавік, ён адразу згаджаецца працаваць над праектам. 

Першапачаткова курган планавалі засыпаць на процілеглым боку - там, дзе зараз разаранае поле. Там як раз знаходзілася сіласная вежа, на яе і хацелі засыпаць курган, а ў ёй адкрыць музей. Але будынак перанеслі на процілеглы - сонечны бок. Зразумела, ад стварэння музея ля падножжа прыйшлося адмовіцца.

70-метровы курган насыпалі людзі. Яны ішлі сотнямі з рознымі ёмістасцямі.
А ўначы, каб ніхто не бачыў, зямлю везлі на самазвалах. Чатыры багнеты сімвалізуюць 4 франты, якія вызвалялі Беларусь. Яны бетонавыя, але пакрытыя вечнымі тытанавымі пласцінамі. Вянок-кольца таксама выраблялі з бетону, на які ленінградскія майстры наносілі смальту. Яшчэ была ідэя - усталяваць скульптуры ўсім камандуючым франтамі - Ракасоўскаму, Захараву, Чарняхоўскаму і Баграмяну. Бронзавых вайскаводаў планавалася ўсталяваць ля падножжа кургана. Але ідэя з рабочых макетаў і чарцяжоў так і засталося нерэалізаванай.