Купіць сувенір і дапамагчы хлопчыку паправіцца

4 декабря 2015

4-гадовы Андрэй разам са сваёй маці робяць снегавікоў. Грошы за іх ідуць на лячэнне хлопчыка. Дзіця змагаецца з анкалогіяй і праходзіць курс тэрапіі ў Гомельскім цэнтры радыяцыйнай медыцыны. Паколькі сям'я з Украіны, то лячэнне платнае. Ідэя майстраваць, а потым прадаваць сувеніры ўзнікла ў бальніцы. Маці дзіця прызналася, што не чакала такога выніку. Маленькаму Андрэю дапамагаюць не толькі беларусы. Снегавікі ўжо купілі жыхары самых розных краін. Пра тых, хто ўмее дапамагаць людзям, - рэпартаж Вольгі Халадовіч.

Нават у бальніцы Алёна з сынам не падаюць духам і прыдумляюць новыя гульні. Таблеткі, кропельніцы, уколы - па такім графіку яны жывуць ужо прыкладна паўгода. Калі 4-гадоваму Андрэю паставілі страшны дыягназ - востры лімфабласны лейкоз, давялося пакінуць родныя Чаркасы і звярнуцца па дапамогу ў Цэнтр радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі.

Снегавікоў Алена робіць разам з сынам, гэта займае хлопчыка. Аднойчы выклала фота ў Інтэрнэт, каб паказаць бацькам хворых дзяцей, як можна палепшыць бальнічныя будні. І аказалася, што гэтыя невялікія навагоднія сувеніры патрэбныя людзям. Купіць цацку ад Андрэя захацелі тысячы жыхароў не толькі Беларусі, але і краін блізкага і нават далёкага замежжа.

Маці з сынам зрабілі ўжо 150 снегавікоў. Але трэба значна больш. У чарзе за цацкай тысячы неабыякавых людзей. Алёна з Андрэем проста не паспяваюць выканаць усе заказы.

У Андрэя і яго маці ўжо з'явіліся памочнікі. Вучні і настаўніка адной з гомельскіх школ збіраюцца рабіць вось такіх снегавікоў і прапануюць далучыцца да іх усім, хто пажадае.

Тут плануюць зрабіць каля 600 цацак. Свой удзел у акцыі "Дапаможам Андрэю рабіць снегавікоў разам" ужо пацвердзілі 150 чалавек. Такія аб'явы настаўнікі размясцілі па ўсім раёне. Акрамя таго, на ўроках працы тут дзеці таксама робяць снегавікоў.

Андрэй Семіліт хоць і не можа пакінуць бальнічную палату, усё роўна будзе ўдзельнічаць у гэтай акцыі. Маці дамовілася з валанцёрамі, каб хлопчык дамаляваў снегавікам нос, рот і вочкі. Урачы не супраць працатэрапіі. Гавораць, гэтае дзіця - сапраўдны баец.

Дзякуючы неабыякавым людзям неабходная сума на лячэнне Андрэя Семіліта практычна сабраная. Пераводы працягваюць паступаць. Усё, што застанецца пасля аплаты лячэння, Алёна збіраецца перадаць іншым украінскім дзецям, якія таксама праходзяць тэрапію ў Гомелі.