Кульмінацыяй свята стане ваенны парад

3 июля 2019

Кульмінацыяй свята стане ваенны парад. Сёлета ён адбудзецца ўвечар. Прамую трансляцыю ад стэлы "Мінск - горад-герой" у 20:55 пачне Белтэлерадыёкампанія. Да ўрачыстай падзеі гатовыя і разлікі самых юных удзельнікаў парада. Прайшлі каля 300 гадзін трэніровак, каб ужо ўвечар ваяўніча і ўрачыста прайсціся па цэнтры сталіцы   і з гонарам прадставіць сваю навучальную ўстанову.

Расказвае Святлана Чарнова. Сінхронна, выразна і вытрымана. Вось ён вынік адказнай падрыхтоўкі да ўрачыстай падзеі. Дождж, вецер і нават +30 на тэрмометры для сувораўцаў не перашкода, а хутчэй трэнажор для ўмацавання сілы духу і цягавітасці.

Хвалявацца часу няма, хоць, бясспрэчна, адказнасці ў гэтых хлопцаў больш: яны адкрываюць парад. І нягледзячы на тое што сярэдні ўзрост каробкі 16 гадоў, выпраўкаю барабаншчыкі не саступаюць прафесійным вайскоўцам!

Паводле статуту калона вайскоўцаў ідзе з хуткасцю 110-120 крокаў за хвіліну. Найлепшая лічба, для таго каб трымаць рытм і як мага вышэй паднімаць нагу, - 112. Гэта амаль два крокі за секунду. Дарэчы, менавіта сувораўцы ўдарамі палачак задаюць тэмп усёй пешай калоне парада.

Дарэчы, падрыхтоўка хлопцаў не абмяжоўваецца трэніроўкай на пляцы. Увага надаецца і выгляду. Гэта таксама патрабуе часу і стараннасці. Напрыклад, каб цалкам падрыхтаваць парадную форму, а яе атрымліваюць новую, трэба не меней за 4 гадзіны.

На пляцы ліцэя пры ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС пад гукі марша сінхроннасць удасканальваюць 25 навучэнцаў. Лепшыя з усіх рэгіёнаў краіны, яны пойдуць за барабаншчыкамі ў зборнай каробцы разам з кадэтамі і ліцэістамі МУС. Імкнуцца трымаць спіну прама, цягнуць насок і паднімаць нагу як мага вышэй, а паводле статуту, гэта не менш як 15 сантыметраў над зямлёй.

Такім чынам, традыцыйна адкрывае парад разлік сувораўцаў: 64 чалавекі ў асноўным складзе і яшчэ дзесяць запасных. Далей ідзе зборная каробка - восем радоў па дзесяць удзельнікаў. У яе складзе 25 ліцэістаў МНС, 30 навучэнцаў ліцэя МУС і 50 кадэтаў. У гэтым ліку і 25 запасных. Так ці інакш, кожны з гэтых юнакоў з натхненнем чакае моманту, каб з гонарам прадставіць на парадзе сваю навучальную ўстанову.