Кулінарную кнігу Радзівілаў аднавілі ў Нясвіжскім раёне

14 января 2020
Мяса па-княжацкі, ялавічына пад вішнёвым соусам і шарлотка па-віленскі. 247 арыгінальных рэцэптаў Радзівілаў аднавілі ў Нясвіжскім раёне. Даследаваннем кулінарнай кнігі займаліся настаўнік геаграфіі і вучні Сейлавічскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад - сярэдняя школа. 

З рацыёнам вядомага роду пазнаёмілася і Алена Вітко. Cямікласнікі Даніл Шостак і Максім Шкода не проста сябры ці суседзі па парце, але і напарнікі. Хлопцы займаюцца даследчай дзейнасцю. Пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі яны вырашылі аднавіць кулінарную кнігу Радзівілаў. Гістарычныя звесткі збіралі літаральна па крупінках. І як вынік двухгадовай працы - 247 арыгінальных княжацкіх рэцэптаў. Спачатку юныя даследчыкі шукалі звесткі ў Нясвіжы,  але безвынікова. Таму вырашылі звярнуцца ў галоўную скарбніцу ведаў - Нацыянальную бібліятэку.

Базай даследавання сталі рарытэтныя кнігі пра харчаванне знакамітых князёў. Вось гэты зборнік - адзіны экзэмпляр у нашай краіне. Выданне Дануты і Генрыха Дзебскі   пад назвай "Кухня Радзівілаў". Кніга складзена на польскай мове. Таму ўсе рэцэпты трэба было спачатку перакласці, а потым адаптаваць. Зараз у даследавання пачаўся новы апетытны этап. Па знойдзеных рэцэптах трэба прыгатаваць, паспрабаваць  і вызначыць будучыню кожнай стравы.

Большасць рэцэптаў - гэта каларыйныя стравы. У іх складзе  арэхі, мёд, масла. Таксама Радзівілы выкарыстоўвалі інгрэдыенты, якія прывозілі з-за мяжы. Каб здзівіць гасцей,  эксперыментавалі і з падачай страў.

Усяго ў кулінарнай кнізе Радзівілаў існавала каля 60 варыянтаў прыгатавання мяса, амаль 20 - рыбы. Любілі князі і выпечку: здобы налічваецца каля 40 рэцэптаў. Магчыма,  зусім хутка ў меню беларускіх рэстаранаў і кафэ з'явяцца стравы з гісторыяй.