Куды накіравацца ў падарожжа па Мінскай вобласці - даведнік па вядомых і маляўнічых месцах

3 августа 2023

Пракладваць новыя турыстычныя маршруты па Мінскай вобласці цяпер стала больш зручна. Адмысловы сайт-гід дапаможа знайсці ў любой вёсцы ці горадзе славутасці, прыродныя аазісы, сядзібы. А таксама больш даведацца пра святы і абрады ці адшукаць айчынныя адпаведнікі сусветна вядомых тураб'ектаў. Напрыклад, свая Францыя ёсць у Пухавіцкім раёне. Добрая навіна і для аматараў адпачынку на прыродзе. На Вілейскім вадасховішчы сёлета стала больш прыстасаваных для гэтага месцаў - кемпінгаў. Падрабязнасці ў Аляксандры Гойтан.

Турыстычныя маршруты Мінскай вобласці

У 60-я гады мінулага стагоддзя на месцы зліцця дзвюх рэк (Сэрвач і Вілія) знаходзілася вёска Сутокі. Ад ранейшых клапатлівых гаспадароў захаваліся фотаздымкі, некаторыя рэчы, а яшчэ старадаўнія яблыневыя і грушавыя сады.

Гэтая турыстычная лакацыя на карце Вілейскага раёна з гісторыяй гасціннасці больш за 20 гадоў. Экадамы тут пазначаны не нумарамі, а носяць назвы беларускіх ягад і садавіны. Таксама для адпачынку на прыродзе ёсць кемпінг на 100 месцаў.

Каларытнае месца для экаадпачынку знаходзіцца на жывапісным беразе Вілейскага вадасховішча. Для турыстаў тут прадугледжана насычаная праграма як у вадзе, так і на сушы. Над вандроўкамі на сапбордзе я аддаю перавагу традыцыйным - на веласіпедзе. На тэрыторыі ёсць экасцяжынка працягласцю 4 кіламетры.

Неабсяжная прастора сушы і вады дазваляе адпачывальнікам не замінаць адзін аднаму. Тут сплаўляюцца на байдарках і ловяць рыбу, займаюцца ёгай і ладзяць спаборніцтвы па футболе.

Турыстычны шлях з Вілейскага раёна пралягае праз суседні Маладзечанскі. Ферма слімакоў, падвор'е папугаяў, заапарк з экзатычнымі жывёламі і птушкамі, якіх можна частаваць, знаходзіцца ў Радашковічах, лічы пад адным дахам незвычайнага парку.

А яшчэ прадэгуставаць эскарго. Французскі далікатэс пад соусам "праванс" гатуюць тут жа ў парку слімакоў.

Не гастранамічна, а візуальна адчуць прывабнасць Францыі можна ў Пухавіцкім раёне.

Парк з экаскульптурамі, фігурнымі раслінамі, фантанамі, малымі архітэктурнымі формамі і сапраўдным палацам. Эстэтыка класічнага стылю гарманічна пераплятаецца з каларытам беларускай прыроды.

Загарадны комплекс займае амаль 30 гектараў. 10 гадоў архітэктары, будаўнікі, ландшафтныя дызайнеры ўвасаблялі праект на беларускіх абшарах.

Новыя экасцежкі, веламаршруты, сучасныя кемпінгі, каларытныя аб'екты агратурызму, прыдарожнага сэрвісу і кафэ. Развітая інфраструктура ў дадатак да заморскіх краявідаў любанскіх Мальдзіваў і салігорскіх тэрыконаў вылучае Мінскую вобласць, што прываблівае сваёй гасціннасцю і камфортным турызмам.