"Крылы анёлаў" аб'ядналіся, каб дарыць дзецям свабоду руху

1 марта 2016

Гэтыя спартсмены ўжо рыхтуюцца да Мінскага паўмарафону, які пройдзе восенню. 20-кіламетровую дыстанцыю пройдуць дарослыя разам з асаблівымі дзецьмі. Пакуль у спартыўнай камандзе «Крылы анёлаў» 25 чалавек, 4 з іх - дзеці. Для ўдзелу ў марафоне ім патрэбны спецыяльныя каляскі - лёгкія і зручныя. Акрамя бацькоў, у камандзе ёсць валанцёры. Усе яны аб'ядналіся, каб дарыць дзецям свабоду руху.

У тры гады ён пачаў чытаць і рашаць матэматычныя прыклады. Такія здольнасці не перадаліся Ягору Станкевічу на генным узроўні. З першых дзён хлопчыку даводзілася змагацца за жыццё: вучыцца дыхаць, рухацца, бачыць… Хоць магчымасці Ягора абмежаваныя, але сіла волі і прага да ведаў - невычэрпныя.

Методыку, па якой цяпер Ягор вучыцца дома, бацькі запазычылі за мяжой. У комплексе з медыцынскай рэабілітацыяй тэрапія паказвае станоўчыя вынікі - хлопчык стаў больш рухавым. У Ягора ёсць і хобі - «Крылы анёлаў». Гэта першая ў краіне спартыўная каманда, дзе ў тандэме дзеці з абмежаваннямі і дарослыя... бегаюць.

Ідэя аб'яднацца ў каманду прыйшла да Дзмітрыя Цімашкова летась, пасля, бадай, самага маштабнага забегу - Мінскага паўмарафону. На гэтым старце мужчына быў са сваёй дачкой Ліляй сярод 16 тысяч фізічна дужых і падрыхтаваных бегуноў.

Пераадолець 20 кіламетраў Дзмітрыю з дачкой тады дапамог Алег. Аматар марафонаў падтрымаў мужны тандэм, ахвяруючы ўласным вынікам. І сёння ён таксама надзейнае крыло.

У "крылатай" камандзе сёння 25 чалавек, 4 з іх - дзеці. Ідэю падтрымалі і ў Віцебску.

Два разы на тыдзень каманда трэніруецца ў лёгкаатлетычным манежы. Каб бегаць з асаблівымі дзецьмі, патрэбны спецыяльныя каляскі. Яны не грувасткія і мабільныя.

Зараз «Крылы анёлаў» рыхтуюцца да новага старту. 2 красавіка спартсмены збяруцца ў парку 900-годдзя Мінска. Тыя, хто трэніруецца заўзята, паспрабуюць пераадолець 5 кіламетраў. Чакаюць і пачаткоўцаў. Ім прапануюць дыстанцыю ў 500 метраў.

На гоначныя каляскі, спартыўную экіпіроўку і арэнду манежа зусім не лішняй будзе дапамога неабыякавых людзей. Сёлета каманда марыць прабегчы Мінскі паўмарафон. Усё, што для гэтага трэба, стаць крылом, якое дапаможа дзецям пераадолець шлях, нягледзячы на абмежаванні.