Буйнагабарытная тэхніка задзейнічана на ўборцы мінскіх вадаёмаў

13 ноября 2019
Зачыстка на мінскіх вадаёмах. Ад зарастання багавіннем ратуюць сажалкі і вадасховішчы. Акваторыі чысцяць ад доннай расліннасці, якая запаланяе водныя аб'екты.

На падводнай уборцы задзейнічана буйнагабарытная тэхніка: спецыяльныя экскаватары і шматтонныя баржы. У санітарную экспедыцыю адправіўся Ілья Цвяткоў.

З самага ранку на беразе аднаго са сталічных вадаёмаў працуе экскаватар - сартуе "ўлоў". Удалечыні пасярэдзіне вадасховішча стала на якар вялізная баржа. Санітары ачышчаюць глей ад багавіння. Расліны запаланілі дно, і вадаём ледзь не ператварыўся ў дрыгву.

Шматтонныя судны з кантэйнерамі для транспартавання донных раслін курсіруюць па вызначаных загадзя зонах штодзень да захаду сонца. На борце працуе яшчэ адзін гусенічны пагрузчык - у якасці велізарных грабель. 

Галоўны інструмент для выканання такіх работ – спецыялізаваны коўш. Ім у літаральным сэнсе прычэсваюць дно ад лішняй расліннасці.

Працэс ачысткі складаны і даволі працяглы. Габарытнае абсталяванне прыходзіцца перамяшчаць уздоўж берагавой лініі некалькі разоў на тыдзень. У залежнасці ад плошчы вадасховішча работы займаюць ад аднаго да трох месяцаў. 

У такой уборцы маюць патрэбу многія вадаёмы Мінска. Асабліва тыя, сярэдняя глыбіня якіх не перавышае аднаго метра - у сонечныя дні вада хутка награваецца, што прыводзіць да з'яўлення вялікай колькасці падводнага пустазелля. 

Зарастанне вадаёмаў можа прывесці да змянення экасістэмы. Напрыклад, вадаплаўныя птушкі - насельнікі вадаёмаў - будуць вымушаныя іх пакінуць. Дарэчы, восеньскі сезон для аквасанітарных мерапрыемстваў выбіраюць невыпадкова, каб не ствараць дыскамфорт для птушак. З сярэдзіны кастрычніка заканчваецца перыяд іх гнездавання. А вясной крылатыя змогуць ацаніць старанні чалавека.