Найбуйнейшую магістраль М1 сёння занялі самалёты

23 сентября 2015

Як транспартныя, так і ваенныя. У наваколлях Дзяржынска прайшлі найбуйнейшыя лётна-тактычныя вучэнні беларускай авіяцыі. Нябесным асам выпала нялёгкая задача - пасадзіць на аўтадарогу Ан-26, масіўны транспартны самалёт. Для параўнання ўдакладнім, што ўчастак, выбраны для пасадкі, шырынёй у тры разы меншы за стандартную ўзлётна-пасадачную паласу. Ды і наблізіцца да зямлі пілоты маглі толькі на вока: ні радары, ні дыспетчары не паказвалі лётчыкам каардынаты пасадкі. Але нават і гэта яшчэ не ўсё. У планах вучэнняў значыўся ўдзел дэсантнай групы: байцы, высадзіўшыся з верталётаў, павінны былі абясшкодзіць і захапіць дыверсійную групу праціўнікаў, якая заняла лес непадалёк ад трасы. Што ж, задач шмат, але ці зладзіліся з імі нашы вайскоўцы - пра гэта матэрыял Дзмітрыя Лукшы.

Спачатку нязвыкла вольна і лёгка сёння пачувалася траса М1. У наваколлях Дзяржынска яна змагла трохі адпачыць ад гуду аўтамабіляў. Але… толькі да пары. Зямная тэхніка саступіла месца іншым машынам - паветраным. Першымі пазіцыі на пунктах занялі зенітна-ракетныя комплексы “Тор М2”. Паводле планаў вучэнняў, менавіта гэтыя ўстаноўкі павінны былі затуляць нябесную гвардыю. Апошняя не прымусіла сябе чакаць. Неўзабаве ў аблоках з’явіліся верталёты Мі-8 і Мі-26. А як інакш: паводле звестак разведкі, лясы зблізку Дзяржынска заняла дыверсійная група праціўніка.

Дэсант пайшоў на захоп. Агнявая кананада, якая гучала з гушчару лесу, ясна гаварыла: у праціўніка няма шанцаў на поспех. Аднак нашым хлопцам неабходна даставіць баявы правіянт. І вось тут у справу ўключыліся нябесныя ястрабы. На аўтамагістраль павінны прызямліцца жамчужыны паветранай флатыліі. Гучыць хораша, выканаць гэта - неймаверна цяжка.

Самы складаны ўчастак вучэнняў - пасадка самалёта на аўтамабільную трасу. Нават недасведчанаму чалавеку не варта тлумачыць, у чым тут нюансы. Дарога не пазначаная навігацыйнымі сістэмамі, як узлётна-пасадачная паласа на аэрадроме.

Міхаіл Скачкоў, намеснік камандзіра эскадрыллі па ідэалагічнай працы 116 штурмавой базы: "Сюды адпраўляюць больш падрыхтаваных лётчыкаў на выкананне гэтай пасадкі ў сувязі з тым, што маецца шэраг асаблівасцяў. Недастаткова шырокая паласа, як на аэрадроме. І ва ўмовах візуальнага кантакту з дарогай на гэтым участку. А таксама няма радыётэхнічных сродкаў, пры дапамозе якіх садзяць самалёты на аэрадроме".

Дарожную роўнядзь змаглі пад сабою адчуць штурмавікі Су-25. Пасля паміж мінулым і будучыняй быў толькі МіГ-29. І нарэшце ўпершыню ў гісторыі беларускай ваеннай авіяцыі на аўтамагістраль прызямліўся масіўны транспартны фрэгат Ан-26. Раней машыны такой спецыялізацыі не дапушчаліся да выканання настолькі складаных задач.

Сямён Шапіра, губернатар Мінскай вобласці: "Гэта сапраўдныя асы. І мы перакананыя, што наша неба ў надзейных руках. І ўсім нам, працаўнікам сельскай і прамысловай гаспадаркі, можна добрасумленна працаваць і быць упэўненымі, што ў нас у краіне будзе мір і супакой".

Баявы правіянт дастаўлены дэсантнай групе. Дыверсанты пабітыя - іх адправілі ў штаб. Можна сказаць, гэтая частка вучэнняў прайшла з ваеннай перавагай і канчатковым поспехам. І ў майстэрстве нашых абаронцаў змаглі ўпэўніцца як айчынныя назіральнікі, так і госці з Кітая. Але афіцэрам няма часу расслабляцца. Наперадзе новыя задачы і новыя рубяжы.

Зараз можна сказаць з упэўненасцю: народжаны лётаць зможа прызямліцца там, дзе некаторыя здольныя толькі хадзіць. Важна, што беларускія вайскоўцы спрабуюць вырашыць усё больш складаныя задачы. Адну з іх сёння закрэслілі росчыркам шасі.