Найбуйнейшая выстава робатаў адкрылася ў Мінску

17 марта 2015

Упершыню прадэманстравалі сусветна вядомыя праекты з Амерыкі, Еўропы, Паўднёвай Карэі і Японіі. Эмацыянальныя, таварыскія, разумныя, але розныя па характары. Мерапрыемства называюць няйначай, як баль робатаў.

Упершыню пагаварыць канструктыўна з сучаснымі машынамі ўдалося і Дзмітрыю Цітову.

Тут нават прыбіраннем займаюцца робаты. А гастролі прыезджых зорак з Амерыкі, Еўропы і Азіі распісаныя на гады наперад. Арганізатары дапамаглі машынам толькі вылезці з каробак, а далей яны працуюць па сваёй праграме.

Першы робат у свеце, які не ўтойвае сваіх эмоцый. Калі саромеецца - чырванее. Пры кожнай недарэчнай сітуацыі жартуе.

Гуманоід англійскага паходжання зараз нумар адзін па інтэлекце. У 2005 годзе яго стваралі як акцёра для механічнага тэатра. Зараз робат пад назвай Тэспіян - проста добры сябар чалавека. Можа праспяваць, прачытаць вершы і нават зрабіць пародыю на суразмоўніка.

Яны могуць стаць вачамі і вушамі чалавека. А хтосьці і асабістым урачом-тэрапеўтам. Робат у выглядзе дзіцяняці грэнландскага цюленя, па словах японскіх навукоўцаў, здымае стрэс. Яго ўнеслі ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самага лячэбнага робата ў свеце.

На выставе дэманструецца 15 распрацовак. Стваральнікі - як сусветныя кампаніі, так і звычайныя студэнты - сцвярджаюць, што кожны з робатаў можа стаць добрым памочнікам для чалавека. Напрыклад, нянькай або трэнерам.

Вось адзін з яркіх прыкладаў. Робат-спартсмен. Яго можна выкарыстоўваць для адпрацоўкі прыёму падачы. Таксама ўсе пасланыя мячы на яго бок ён усмоктвае і потым зноў падае на бок саперніка.

Кожны год машыны прыходзіцца абнаўляць, некаторых адпраўляюць на пенсію, яны саступаюць дарогу новым гуманоідам. На выставу пакуль не прывезлі яшчэ аднаго фаварыта гонкі за прагрэс - робата Пушкіна. Копія вялікага паэта ў будучыні можа стаць паўнавартасным супрацоўнікам у школах на ўроках літаратуры. Арганізатары абяцаюць паказаць яго мінскай публіцы ўжо на гэтым тыдні. Найбуйнейшы злёт робатаў прадоўжыцца да 19 красавіка.