Буйная партыя гуманітарнай дапамогі адправілася ў Эквадор

29 мая 2016

Самалёт з 50 тонамі грузу вылецеў некалькі гадзін таму з Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Нагадаем, у выніку найцяжэйшага за апошнія 60 гадоў землетрасення ў рэгіёне загінула больш за 600 чалавек, тысячы засталіся без прытулку. Паводле папярэдніх звестак, эканамічны ўрон склаў каля 3 мільярдаў долараў.

Па просьбе эквадорскага боку транспартны Boeing 747 з Мінска даставіць гуманітарную дапамогу на ваенную базу Элой Альфара, размешчаную ў горадзе Манта. Пацярпелым ад землетрасення будуць перададзены 80 вялікіх палатак, 5 тысяч коўдр, больш за 2 тысячы раскладных ложкаў і некалькі электрагенератараў. Прыбыццё гуманітарнай дапамогі чакаецца ў аўторак.

Аляксандр Худалееў, намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі:

"З улікам далёкай адлегласці Трансавіяэкспарт дало паветранае судна, якое па сваіх характарыстыках забяспечыць дастаўку на такую далёкую адлегласць. Упершыню груз будзе дастаўлены на адлегласць больш за 11 тысяч кіламетраў. Адпаведна вы разумееце, што палёт будзе нялёгкім. Вага складае каля 50 тон. Гэта даволі вялікая вага".

На борце самалёта знаходзіцца беларуская дэлегацыя, у склад уваходзіць і здымачная група Агенцтва тэленавін. Плануецца, што разам з прадстаўнікамі пасольства нашай краіны ў Эквадоры дэлегацыя наведае эпіцэнтр катастрофы - горад Партаўеха, так званую нулявую зону. Таксама запланавана сустрэча з кіраўніцтвам Эквадора.