Кругасветнае падарожжа беларусаў: ззаду Амерыка

11 сентября 2018

Ззаду ўся Амерыка. Беларускія кругасветчыкі ўсё бліжэй да дома. Экіпаж не так даўно пераляцеў цераз возера Мічыган, якое ўваходзіць у пяцёрку вялікіх азёр ЗША, і цераз раку Каларада. Наперадзе Атлантычны акіян. Пералёты над вадой будуць складаць прыкладна тысячу кіламетраў. І такія адрэзкі прыйдзецца пераадолець паміж Канадай і Грэнландыяй, а затым да Ісландыі і Нарвегіі.

Для бяспечнага пералёту над Атлантыкай у экіпажа на борце спецыяльныя гідракастюмы, у выпадку прываднення ёсць выратавальны плыт. Наладжана радыёсувязь з дыспетчарамі. GPS-трэкеры паказваюць перамяшчэнне самалёта ў рэальным часе, за гэтай інфармацыяй будуць сачыць і выратавальныя службы. Пілоты спадзяюцца на спрыяльнае надвор'е, усе папярэднія дні быў моцны бакавы вецер.