Крымінагенная сітуацыя і абарона ад эпідэміі каранавіруса. Прэзідэнт прыняў з дакладам міністра ўнутраных спраў

13 марта 2020
Крыміналу ў Беларусі становіцца менш. Гэта датычыцца, напрыклад, цяжкіх злачынстваў і рэцыдываў. Пры гэтым нязначна, але павялічыўся ўзровень злачыннасці ў стане алкагольнага ап'янення і ў моладзевым асяроддзі, дзе гэта звязана з наркаманіяй. Такія звесткі далажыў сёння Прэзідэнту кіраўнік МУС.

Прызначаючы новага міністра менш як год таму, Аляксандр Лукашэнка патрабаваў новага ўзважанага падыходу. Сёння Юрый Караеў акрэсліў першыя вынікі рэформы. Так званую палачна-птушкавую сістэму змяняюць на бальную. Лічбы зараз не падстава пазбаўляць прэмій, а аснова для аналізу. Новае нараджэнне атрымала і прафілактыка. Колькасць участковых, асабліва ў правінцыі, павялічаць за кошт крымінальнага вышуку, таксама ўчастковым павышаюць зарплаты. Хоць нараканні ў адрас міліцыі працягваюць гучаць у грамадстве. 

Не абысціся без міліцыі і ў справе абароны беларусаў ад каранавіруса, уключаючы абарону ад панікі. Прэзідэнт падкрэслівае, што ўладзе варта і далей выяўляць максімальную сабранасць і адкрытасць, перахопліваючы патэнцыяльныя пагрозы на ранніх подступах. Прычын для панічных настрояў у Беларусі сапраўды няма. Эфектыўна працуюць медыкі і ўлада ў цэлым, адзначыў сёння Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым і самазаспакаення быць не павінна. Неабходна падрабязна тлумачыць грамадству, што лепшая абарона - гэта самадысцыпліна, увага да свайго самаадчування і адказнасць. Асаблівая ўвага  людзям ва ўзросце і са слабым імунітэтам.

Асабістая адказнасць датычыцца і высокіх службовых асоб. Пра гэта сёння жартам нагадаў Прэзідэнт. Сапраўды сын Юрыя Караева вярнуўся з Кітая ўсяго за пару дзён да аб'яўлення ўспышкі віруса. Плюс сам міністр удзельнічаў у нарадзе, дзе быў чалавек з падазрэннем на цяжкі дыягназ. Лагічная рэакцыя - неадкладныя тэсты і самаабмежаванне кантактаў на 2 тыдні пад дыстанцыйным назіраннем медыкаў. На шчасце, апаскі не пацвердзіліся. І міністр, і яго сын, і ўсе ўдзельнікі нарады жывыя і здаровыя.

Сітуацыя з міністрам паказвае,  як шмат залежыць ад асабістай дысцыпліны чалавека. Але і яшчэ тое, што дзяржава прымае ўсе неабходныя меры і трымае сітуацыю пад жорсткім кантролем.

Акцэнты для МУС: нарказалежнасць і прафілактыка злачынстваў 

Што датычыцца працы галоўнага сілавога міністэрства, Юрый Караеў паабяцаў перанесці акцэнты барацьбы з хворых наркаманіяй на дылераў і каналы пастаўкі атруты ў краіну. А таксама дапрацаваць сістэму ацэнкі праваахоўнікаў і максімальную ўвагу надаць участковым. Яны - на пярэднім баку барацьбы са злачыннасцю, асабліва ў правінцыі.