Вадохрышчанскую куццю сёння адзначаюць праваслаўныя вернікі

18 января 2017

Урачыстыя літургіі праходзяць у храмах з самай раніцы. І адным з галоўных лічыцца абрад асвячэння вады. У адрозненне ад Малога, якое ў цэрквах праходзіць круглы год, гэтае асвячэнне Вялікае. Пасля яго вада ў любой крыніцы лічыцца гаючай.

Гэтымі хвілінамі ля Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска знаходзіцца наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская (прамое ўключэнне). Літаральна з гэтых хвілін вернікам адкрыты доступ да галоўнай святыні - святой вадохрышчанскай вады. Толькі што ў праваслаўных храмах Беларусі завяршыўся чын Вялікага вадасвяцця - гэта значыць, уся вада - і ў спецыяльных сасудах царкоўных, хатніх, і ва ўсіх адкрытых вадаёмах (на рэках, азёрах) - "уся водная існасць" атрымала асаблівую ўласцівасць. Адвеку стагоддзяў, яшчэ нашы продкі верылі і перадалі гэтую веру нам, сучаснікам: менавіта калядная вада валодае самай гаючай, самай энергетычна моцнай сілай.

Ля Свята-Духава кафедральнага сабора, дзе мы зараз знаходзімся, нягледзячы на тое, што само Богаяўленне наступіць толькі апоўначы, ужо на ўсю моц працуе каляднае "водазабеспячэнне" - паводле традыцыі тут абсталявана цэлая сістэма, якая дазваляе адразу некалькім дзясяткам чалавек набіраць ваду. Але чэргі ўсё роўна ёсць - традыцыйна вельмі шмат ахвочых назапасіцца каляднай вадой і людзі не чакаюць заўтрашняга ўласна каляднага дня. І ў гэтым таксама асаблівасць свята.

Богаяўленне пачынаецца з куцці, 18 студзеня. І не з вечара, а з раніцы. Спецыяльныя службы ва ўсіх праваслаўных храмах пачаліся сёння ў 8 (самае пазней у 9 гадзін раніцы) і будуць прадаўжацца на працягу дня да позняга вечара. Чаму так? Справа ў тым, што перадвадохрышчанскае богаслужэнне лічыцца адным з трох самых працяглых і складаных у царкоўным годзе. Па працягласці і шматкаманентнасці яго можна параўнаць хіба што з велікодным або калядным. Служба настолькі маштабная, што на працягу сутак яе дзеляць на некалькі этапаў з паўзамі. Так, напрыклад, у Свята-Духавым кафедральным саборы, дзе мы зараз знаходзімся, толькі што завяршылася першая частка перадсвяточнага богаслужэння. Яно пачалося з Царскіх гадзін - гэта спецыяльны комплекс малітваў, псаломаў і спеваў. Пасля адгучала літургія Васіля Вялікага і, самае сёння галоўнае,   адбылося Вялікае вадасвяцце. У самім храме ў сасуд з вадой быў пагружаны крыж. Адначасова і на вуліцы перад храмам таксама свяшчэннік здзейсніў чын Вялікага вадасвяцця.

Дарэчы, Вялікім яно завецца невыпадкова. Мы ведаем, што ваду ў царкве асвячаюць круглы год - гэта завецца Малое вадасвяцце. На асабліва ж важныя святы, напрыклад, у велікодныя дні і на Вадохрышча, асвячэнне вады набывае асаблівае значэнне. І такая вада, як мы ведаем, можа захоўвацца не дзень і не два - гадамі і дзесяцігоддзямі.

Побач са мной - свяшчэннік Свята-Духава кафедральнага сабора клірык і протаіерэй Уладзімір Доўгаполаў (відэа).

Нагадаем, што на праваслаўным календары завяршаюцца Каляды - святыя святочныя тыдні пасля Раства Хрыстова. Заўтра - адно з самых вялікіх і ўрачыстых святаў - Богаяўленне або Вадохрышча. Дзень устаноўлены ў гонар евангельскай падзеі: больш як дзве тысячы гадоў таму ў водах ракі Іардан Іаан Хрысціцель хрысціў трыццацігадовага Ісуса Хрыста. Гэта свята святой вады. Дарэчы, хрысцільні, якія прынята выразаць у выглядзе крыжа, так і завуць   - іарданкі - у гонар месца хрышчэння Сына Божага.