Чырвоны Крыж - гэта не толькі пошук прапаўшых сваякоў, але і тысячы добрых спраў і дапамога

14 мая 2017

Дзень Перамогі - асаблівая дата ў нашым календары. Асаблівая таму, што нават праз гады, яе напаўняюць жывыя гісторыі пра лёсы герояў. Тых, хто дажыў да нашых дзён, і тых, каму за перамогу прыйшлося заплаціць жыццём. Адна з такіх асаблівых гісторый прама зараз.

Усе гэтыя гады дзве ўнучкі з Мінска шукалі месца пахавання дзядулі. Звярталіся ў пошукавыя агенцтвы, вялі перапіску з замежнымі архівамі. І, нарэшце, знайшлі - праз службу вышуку Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Зараз у іх будзе новая гісторыя сям'і. Бо калісьці яна абарвалася так драматычна… Пахаванку пра мужа Аляксандра Зыбайлу партызанская звязная Фёкла Іванаўна атрымала 9 мая 1945-га. Пра памяць без тэрміну даўнасці - Алеся Высоцкая.

Ад іх аповеду слёзы праступаюць самі. А словы іх бабулі, Фёклы Іванаўны, глыбока ўразаюцца ў сэрца. 9 мая 1945-га, калі ў неба ўзляталі шапкі і радасць Перамогі грукатала салютам, да яе прыйшоў паштальён.

Вось ён - малады і прыгожы. Вайсковец, яшчэ ў польскай форме. Гэта фота 1939 года, тады вёска Уласаўцы Брэсцкай вобласці была яшчэ польскай. І гэта адзіны здымак Аляксандра Зыбайлы.

Усе лісты, дакументы, фатаграфіі знішчыў пажар. Партызанская звязная Фёкла Зыбайла хавала іх ад немцаў у адрыне. Потым часта шкадавала і галасіла - хоць бы на магіле паплакаць.

Размашыстым почыркам, мабыць, дзесьці ў зямлянцы, на пахаванцы напісана: чырвонаармеец Зыбайла паранены ў баі, пахаваны заходней гор Лаяніту. Пасля гор - накшталт як кропка.

Камень з душы ўпаў толькі сёння. І гэты Дзень Перамогі для сясцёр - як новы пункт адліку. Пахаванне знойдзена. Горад апынуўся гарамі на тэрыторыі Польшчы.

Зараз у архіве і справа Аляксандра Зыбайлы. Толькі ў гэтай шафе больш як 35 тысяч картак. За год - у сярэднім 500 запытаў. Працэнтаў 70 датычацца Другой сусветнай вайны. Лік тых, хто знайшоў, уражвае. Шмат запытаў з Вялікабрытаніі, Польшчы, Украіны, Расіі, Германіі. Сёння ўсё часцей выяўляюць пахаванне, чым жывога чалавека. Але бываюць і нечаканыя знаходкі.

Філасофія Чырвонага Крыжа - аддаваць, не чакаючы нічога ўзамен. Рабіць дабро бескарысліва. У Беларусі ідэі гуманізму аб'ядналі ўжо больш як 22 тысячы актыўных маладых людзей. Звыш 1 мільёна 200 чалавек лічаць сябе членамі таварыства Чырвонага Крыжа.

І сёння Чырвоны Крыж - гэта не толькі пошук прапаўшых сваякоў, але і тысячы добрых спраў, і дапамога тым, хто трапіў у бяду. Хоць гісторыя пачыналася з дапамогі параненым салдатам.

За пяць крокаў ад офіса Чырвонага Крыжа ў Мінску ёсць помнік. Гэта бюст Анры Дзюнана. Самая гуманная арганізацыя свету заснаваная па ініцыятыве аднаго чалавека. Швейцарскі прадпрымальнік, грамадскі дзеяч стаў сведкай кровапралітнай бітвы. Напісаў аб гэтым кнігу. Яна мела вялізны поспех. І прапанаваў ствараць таварыствы па аказанні дапамогі параненым.

Ён стаў першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. А памёр у галечы, аддаўшы ўсё на дабрачыннасць. Яго імя вядомае мала, але тварэнне ведаюць усе. І 8 мая - дзень нараджэння Анры Дзюнана - адзначаецца як Міжнародны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Абсталяванне Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа дапамагае вырашаць шмат задач. Варвара - айцішнік. Але ў галаве трымае і дзясяткі сцэнарыяў - як дапамагчы чалавеку да прыбыцця хуткай дапамогі.

Падтрымка ратавальнікам МНС ніколі не лішняя. Тут, паводле легенды, лясны пажар. У вёсцы ёсць пацярпелыя. А ў гэтыя хвіліны шукаюць пацярпелых пад заваламі. А тут з сабакамі шукаюць гора-грыбніка. Гэтыя навыкі потым ратуюць жыцці. Так і здарылася ў Смалявіцкім раёне два гады таму, калі ў лесе заблудзілася пяцігадовая дзяўчынка.

След узяла сабака Корса. Зараз разам з гаспадыняй - валанцёрам Юліяй - займаюцца каністэрапіяй. Гэта яшчэ адзін кірунак Чырвонага Крыжа. Рэабілітацыя дзяцей з дапамогай жывёл. Корса цярплівая і клапатлівая з дзецьмі, як маці. Яна здала іспыты і прызнаная афіцыйна сабакай-тэрапеўтам.

А Алена і Ірына чакаюць візы і рыхтуюцца наведаць месца пахавання свайго дзядулі. Вывучаюць карту, думаюць, што скажуць над магілай, якую шукалі ўсё жыццё. Гісторыю аб самым шчаслівым лісце зараз іх дзеці раскажуць сваім унукам. Бо памяць не ведае тэрмінаў даўнасці.