Касманаўты правялі сустрэчы са сталічнымі школьнікамі

12 сентября 2018

Сталічныя школьнікі сёння сустрэліся з удзельнікамі палётаў у космас. У гімназіі № 1 заняткі пачаліся з касмічнага ўрока. У якасці настаўнікаў выступілі першы балгарскі касманаўт Георгій Іваноў і нямецкі лётчык-выпрабавальнік, астранаўт Клаус-Дзітрых Фладэ. Школьнікі ўзялі аўтографы ў зорных гасцей і задавалі пытанні пра планеты і бязважкасць. Клаус Дзітрых-Фладэ правёў у космасе амаль 8 сутак. Палёт балгарскага касманаўта Іванова, Героя Савецкага Саюза, працягваўся крыху больш за 24 гадзіны. Ён адчуў шматразовыя перагрузкі пры аварыйным спуску на Зямлю.

Георгій Іваноў, першы балгарскі касманаўт, Герой Савецкага Саюза: "Калі вярталіся на Зямлю, гэта быў карабель "Саюз", упершыню атрымалася, што вяртацца трэба было на запасным рухавіку. Затое мы ажыццявілі так званы балістычны спуск, дзе перагрузка дасягала 9-10 адзінак. Праводзім такія сустрэчы з дзецьмі, каб яны зразумелі, што такое космас і касманаўтыка, як трэба падрыхтавацца да наступных палётаў".

Клаус-Дзітрых Фладэ, астранаўт, лётчык-выпрабавальнік (Германія): "Кожны год падчас кангрэса мы спрабуем матываваць маладых людзей не толькі быць касманаўтамі, але і вучонымі, інжынерамі. Неабходна развіваць навуку, каб потым тэхнічна дапамагаць тым, хто збіраецца ў палёт".

Пазашкольны ўрок, прысвечаны космасу, сёння прайшоў і ў сталічным кінатэатры "Піянер". Навучэнцаў чакалі віктарына і галактычны кінасеанс, пасля якога адбылася сустрэча з першым касманаўтам з Вялікабрытаніі Хелен Шармен. Менавіта яе абралі сярод 13 тысяч кандыдатаў у касмічны палёт. Заахвоціць да пакарэння галактык школьнікаў спрабаваў і расійскі касманаўт Юрый Усачоў. Увогуле ён правёў паўтара года на МКС і 7 разоў выходзіў у адкрыты космас.

Хелен Шармен, першы касманаўт Вялікабрытаніі: "Мінск - вельмі прыгожы горад. Раніцай я таксама пабывала ў сталічнай школе № 9. Адказвала на цікавыя пытанні. Больш за ўсё я сумую па маляўнічых відах з ілюмінатара, бязважкасці і па сяброўскіх адносінах з экіпажам".

Юрый Усачоў, лётчык-касманаўт (Расія):

"З дзецьмі вельмі цікава. Адзін хлопчык, я памятаю, нават два хлопчыкі, ён прапанаваў ідэю стварыць касмічны шпіталь для людзей, якія не могуць рухацца. Зразумела, што ў бязважкасці не патрэбен ложак у прамым сэнсе. І для нейкіх траўм - гэта ідэальнае месца, каб усё зрасталася, кантралявалася без нагрузкі".

Даведацца пра космас школьнікі могуць з кніг Юрыя Усачова. Свае ўражанні ад палётаў ён апісаў у "Дзённіку касманаўта" і творы "Адзін дзень у космасе". У кінатэатры размясцілася выстава малюнкаў, прысвечаная Міжнароднаму касмічнаму кангрэсу. Ён завершыцца ў суботу.