Касманаўт Алег Навіцкі вярнуўся на Зямлю

2 июня 2017

Літаральна толькі што былі апублікаваныя кадры вяртання на Зямлю экіпажа МКС. Сігнал са спадарожніка абрываўся некалькі разоў, але ў выніку ўсё прайшло добра. Пасля паўгадавой экспедыцыі вярнуліся наш суайчыннік Алег Навіцкі і французскі астранаўт Тама Песке.

Фізічнае раздзяленне МКС і карабля з экіпажам прайшло ў 13:47 па маскоўскім часе. У Цэнтры кіравання палётамі ў Каралёве Маскоўскай вобласці за вяртаннем назіралі журналісты з Расіі, Беларусі і Францыі. Сярод блізкіх людзей, хто з нецярплівасцю чакаў прылёту, і жонка Алега Навіцкага.

Для Алега Навіцкага гэта другі палёт. У гэтай экспедыцыі ён быў камандзірам экіпажа і правёў паўсотні навуковых даследаванняў. Увесь гэты час з Алегам Навіцкім быў дзяржаўны флаг Беларусі: на ім афіцыйныя адзнакі аб датах стыкоўкі і расстыкоўкі карабля "Саюз МС-03" з Міжнароднай касмічнай станцыяй. Пасля вяртання Алег Навіцкі перадасць яго ў музей беларускага пасольства ў Маскве.